Трэнерская школа: як не “заблукаць” у анлайне

Як перавесці звыклыя трэнінгі ў анлайн і не ператварыць іх у нудотную лекцыю? З псіхалагічнымі і тэхнічнымі акалічнасцямі такой віртуалізацыі пазнаёміліся ўдзельнікі школы трэнераў YMCA Беларусі.

За два дні яны абмеркавалі псіхалагічныя і каштоўнасныя асаблівасці навучання ў анлайне. Акрамя таго выканалі практычныя заданні: стварылі віртуальныя дошкі, апытанні, лічбавыя сертыфікаты і анлайн-курсы на адукацыйнай платформе Stepik.

– Я атрымала шмат карысных ведаў, – падзялілася ўражаннямі трэнерка з YMCA Брэста Анастасія Чухлатая. – Асабліва запомнілася тое, як мы ў малых суполках абмяняліся досведам у анлайн-адукацыі і распавялі аб рэальных і ўяўных цяжкасцях у гэтай сферы. Я прыйшла да высновы, што міграцыя трэнераў у інтэрнэт – натуральны працэс, які з-за пандэміі толькі паскорыўся.

На яе думку, амаль што кожны афлайн-трэнінг можна перанесці ў анлайн. Пры гэтым змяняюцца толькі інструменты, а сэнсавае напаўненне застаецца. Анастасія пераканалася ў гэтым на практыцы: на аснове ранейшых напрацовак праекта “Мама-планы” стварыла на адукацыйнай платформе тэставы варыянт анлайн-курса.

– Я пачала практыкавацца ў анлайн-адукацыі каля трох гадоў таму, – распавяла трэнерка двухдзённага навучання Юлія Станкевіч. – І прыйшла да высновы, што напярэдадні такіх заняткаў вельмі важна загадзя вывучыць патрэбы ўдзельнікаў трэнінга ці семінара. Акрамя таго трэба ўлічваць, што у некаторых людзей могуць быць псіхалагічныя ці тэхнічныя бар’еры.

Па яе словах, нярэдка анлайн-адукацыю ўспрымаюць як сумны працэс, падчас якога вядучы нешта распавядае, а ўсе астатнія выключаюць мікрафоны, відэакамеры і моўчкі слухаюць. Насамрэч і ў анлайне можна даваць магчымасць узаемадзейнічаць у суполках, выкарыстоўваць адаптаваныя інтэрактыўныя метады – працу ў малых суполках, дыскусіі і нават ролевыя гульні.

Двухдзённае навучанне стала чарговым этапам заняткаў праграмы Y-адукацыі. Раней заняткі ладзілі найперш у звыклым афлайн-фармаце. Але з-за пандэміі перайшлі на дыстацыйнае. І самі трэнеры арганізацыі таксама пачалі рэалізоўваць свае ідэі ў анлайн-прасторы. Напрыклад, Яўгенія Пачэпка з YMCA Віцебска і Іна Палійчук з YMCA Брэста праводзяць серыю вэбінараў “Посидим – поговорим”.

– Калі асноўная мэта – атрыманне новых ведаў ці павышэнне адукацыйнага ўзроўню па пэўных пытаннях, тады праца ў анлайне можа быць нават больш эфектыўнай, чым у афлайне, – лічыць каардынатарка праграмы Y-адукацыі Вольга Крусь. – Таму надалей ўсе нашы курсы будуць утрымліваць абодва фарматы. Калі ж гаворка ідзе пра каштоўнасныя, філасофскія пытанні, тымбілдынг, вырашэнне канфліктаў ды іншае – тады, безумоўна, найлепш падыйдзе афлайн.

Руслан Ананьеў

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.