Дыплом пераможцы на Форуме Недзяржаўных арганізацый Берасцейшчыны атрымалі за праект “Y—teens” прадстаўнікі YMCA Брэста. Такой узнагародай адзначылі клуб, у якім дзеці і падлеткі не толькі бавяць вольны час, але і атрымліваюць новы карысны досвед, вучацца быць ініцыятыўнымі і адказнымі.
Клуб “Y-teens” арыентаваны найперш на школьнікаў ва ўзросці 10-14 гадоў. Яны збіраюцца разам на выходных, каб у фармаце “жывой бібліятэкі” пагутарыць з цікавымі людзьмі. Акрамя таго, вывучаюць свае правы, спасцігаюць асновы псіхалогіі, змагаюцца за перамогу ў квэстах на розную тэматыку. Удзельнічаюць у майстар-классах: напрыклад, з вялікай ахвотай вучыліся гатаваць смачныя сэндвічы і потым з зайздросным апетытам частаваліся імі. А яшчэ знаёміліся з традыцыямі Калядаў і разам выраблялі калядную зорку ды іншыя атрыбуты гэтага свята.
На кожнай чарговай сустрэчы – новая праграма, але заўсёды – з мноствам гульняў, жартаў, пазітыўных эмоцый. Таму на наступны раз некаторыя прыходзяць з сябрамі, кола ўдзельнікаў пашыраецца.
– Сустрэчы сапраўды даюць магчымасць школьнікам адчуць сябе часцінкай Сусвету, адчуць бязмежнасць і адкрыцца новым ведам і ўражанням, – гаворыць Даніла Гендаль, адзін з куратараў “Y-teens”. – Мы ўсе вельмі розныя. Але кожны з нас – цікавы і вялікі свет.
– Прыемна назіраць, з якім натхненнем дзеці і падлеткі разважаюць на разнастайныя тэмы, – дадае Аляксандра Гілева. – А мы, трэнеры, імкнемся выкладаць інфармацыю ў цікавай, гульнявой форме.
– Такія сустрэчы дапамагаць іх удзельнікам узбагаціць веды, набыць сяброў, пазнаёміцца з ідэямі і каштоўнасцямі нашай арганізацыі, – тлумачыць старшыня савета YMCA Брэста Іна Палійчук. – За некалькі гадоў мы паспрабуем узгадаваць маладых адказных 15-16-гадовых лідэраў, якіх самі будуць рыхтаваць сустрэчы клуба, стануць прыкладам для малодшых. Такая сістэма добра прыжылася ў Германіі. І мы скарыстоўваем гэты досвед.
Руслан Ананьеў
Фота https://vk.com/ymcabrest