Круглы стол з ідэямі для Панямонцаў

Моладзевы цэнтр “Панямонцы” YMCA Беларусі можа стаць пляцоўкай для правядзення летнікаў, мастацкіх пленэраў, фестываляў ды іншых мерапрыемстваў. Перспектывы супрацоўніцтва па новых кірунках абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала, які прайшоў у вёсцы Панямонцы Лідскага раёна.

У моладзевым цэнтры сустрэліся мастакі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і дзяржаўных устаноў, іншыя. Яны пазнаёміліся з гісторыяй стварэння і развіцця гэтага цэнтра, яго інфраструктурай, “партфоліо” ранейшых мерапрыемстваў.

— Вельмі прыемна, што ўдзельнікі круглага стала зацікавіліся магчымасцямі “Панямонцаў”, — падзяліўся ўражаннямі генеральны сакратар YMCA Беларусі (грамадскай арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых”) Аляксандр Драчук. — Яны выказалі шмат перспектыўных ідэй. Напрыклад, аб магчымасці ладзіць на базе моладзевага цэнтра пленэры, фестывалі. Былі таксама іншыя прапановы. Мы іх разам абмяркуем і паспрабуем ажыццявіць.

На круглым стале таксама прэзентавалі трэнінг “Асновы прадпрымальніцтва і самазанятасці дарослага насельніцтва”, які плануецца правесці ў моладзевым цэнтры “Панямонцы” напрыканцы жніўня. Але яшчэ дагэтуль на беразе Нёмана адбудзецца некалькі важных сустрэч, насычаных ведамі і эмоцыямі. Напрыклад, у чэрвені пройдзе летнік з удзелам старшакласнікаў Лідскага раёна, а на 21-29 ліпеня запланаваны летнік актыўнай грамадзянскасці “Усе разам-2018”.

Руслан Ананьеў
Фота Аляксандра Драчука

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.