Каляды ў Панямонцах: вяртанне ў дзяцінства, містыка продкаў і энергетычны абмен

З Каляднай зоркай, спевамі ды пажаданнямі здароўя і дарабыту завіталі ў хаты жыхароў вёскі Панямонцы Лідскага раёна валанцёры YMCA Беларусі. Яны падарылі цяпло сваіх сэрцаў і нашчадравалі шмат прысмакаў.

У моладзевы цэнтр “Панямонцы” прыехалі маладыя людзі з Мінска, Маладзечна, Ліды, Брэста. Правялі некалькі рэпетыцый — і ў чатыры-пяць гадзін вечара святочная працэсія пачала абход хат.

— Я не была ні Казой, ні Мядзведзем. Але шмат спявала, — падзялілася ўражаннямі Дар’я Швядоўская з YMCA Мінска. — Калядаванне быццам вярнула мяне ў дзяцінства. Калі мне было гадоў сем-восем, я жыла з бацькамі ў Брэсце. Мы збіралі каманду і хадзіла па суседзях, шчадравалі.

Канешне, прызнаецца яна, з таго часу многія песні забыліся. Таму давялося па дарозе з Мінску ў Панямонцы амаль што вывучваць іх нанова. А калі пачалі хадзіць па хатах, спачатку забывала словы, не падпявала іншым, але потым прызвычаілася, супакоілася — і спявала больш упэўнена.

— У мяне было дзіўнае адчуванне таго, што я падарыла сталым жыхарам Панямонцаў свае эмоцыі, цяпло, а сама адчула сваю повязь з багатымі традыцыямі нашых продкаў, магічную сувязь з продкамі, — тлумачыць Дар’я. — Шкада, што з цягам часу вясковых жыхароў становіцца ўсё менш, а традыцыі калядавання патроху забываюцца.

— Я калядаваў упершыню ў жыцці, — прызнаецца Андрэй Рамук з YMCA Ліды. — Мне даручылі насіць калядную зорку. Спачатку было нязвыкла, часам не ведаў, як спяваць і што рабіць. Але калі дайшлі да трэцяй-чацвёртай хаты, адчуваў сябе калядоўшчыкам “са стажам”.

Па словах Андрэя, быць калядоўшчыкам — не толькі адказна, але і весела, цікава. Ты адчуваеш сябе часткай каманды сяброў, дорыш эмоцыі, адчуваеш душэўнасць іншых. Напэўна, паўдзельначаць у такім свяце было б цікава і дзецям. Магчыма, у наступным годзе Андрэй запросіць пакалядаваць і сваю старэйшую дачку, якой зараз 11 гадоў.

— Я пачала калядаваць у 2010 годзе. Патрапіла на свае першыя Каляды амаль выпадкова, а пасля засталася назаўсёды. А ў 2017 годзе ўпершыню прыехала калядаваць у Панямонцы, – распавядае каардынатар паездкі ў гэтую вёску Яўгенія Сядова з  YMCA Мінска. — Для мяне самае каштоўнае ў гэтым свяце — гэта эмоцыі. Эмоцыі людзей, якім мы жадаем шчасця ў новым годзе. А таксама эмоцыі калядоўшчыкаў, калі мы бачым шчырыя ўсмешкі гаспадароў. Да такога асаблівага энэргаабмена хочацца звяртацца зноў і зноў. Таму штогадова я калядую некалькі разоў, мой максімум — 7 выездаў за сезон.

У Панямонцах ладзім Каляды ў другі раз. Сёлета калядоўшчыкаў сабралася трохі менш, чым летась. Атрымалася камерна, па-хатныму прыемна.

— Нажаль, у вёсцы жыве ўсё менш жыхароў, усё больш хат стаіць з цёмнымі вокнамі, — параўноўвае Яўгенія. — Але радасць тых людзей, якія адчынілі нам дзверы, неабсяжная. Яны нас ведаюць, яны нас пазнаюць. Пытаюцца:»А дзе Кірыл? А дзе Стася? А я вас блінцамі частавала ўлетку, памятаеце?» Таму мы абавязкова пастараемся і ў наступным годзе прарвацца праз свае зімовыя справы ды прывезці людзям свята.

Калядаванне — традыцыя з дахрысціянскімі каранямі, яна цесна звязана з зімовым сонцастаяннем і культам продкаў. Увечары група сялян апраналася ў жывёл (Казу, Тура, Бусла, Зайца), а таксама ў Дзеда, Бабу, Цыгана, Чорта і хадзілі па вёсцы або ехалі на вазку ці санках. Яны спыняліся ля кожнага двара, і кожны гаспадар павінны быў запрасіць іх у хату, Калядоўнікі спявалі, танцавалі, гралі на дудзе і бубне, ладзілі імправізаваныя сцэны. Напрыканцы выступлення яны ў форме песні ці вершаванага звароту жадалі гаспадарам багацця, здароўя, сямейнага ладу. Цэнтральным персанажам звычайна была Каза.

Руслан Ананьеў

Фота Аляксандра Драчука

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.