Канцэрт у Панямонцах

Канцэрт для жыхароў Панямонцаў прайшоў у аднайменным моладзевым цэнтры YMCA Беларусі. А ўлетку на тым жа месцы, на беразе Нёмана плануюць правесці свята вёскі.

Творчае мерапрыемства адбылося па ініцыятыве Пескаўскага Дома культуры і сектара нестацыянарнага абслугоўвання Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Канцэртнай пляцоўкай стала вялікая зала, якую валанцёры YMCA Беларусі (грамадскай арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых”) адкрылі пасля рамонту ў будынку былой мясцовай школы. На гэтай тэрыторыі развіваюць моладзевы цэнтр, праводзяць летнікі, фестывалі, адукацыйныя семінары.

— Канцэрт доўжыўся каля паўтары гадзіны. Было шмат песень і жартаў, — распавёў адміністратар моладзевага цэнтра Дзмітрый Ваховіч. — Такую сустрэчу наведалі многія з жыхароў Панямонцаў.

— У зоне нашага абслугоўвання — 11 вёсак Лідскага раёна, — адзначыла культарганізатар Пескаўскага Дома культуры Галіна Сафонава. — Мы рэгулярна наведваем і Панямонцы. Раней збіраліся ў адной з вясковых хат ці на падворку былой школы. А ў залі моладзевага цэнтра з канцэртам выступілі ўпершыню.

Такое супрацоўніцтва можа працягнуцца. У прыватнасці, улетку у Панямонцах прадстаўнікі Пескаўскага Дома культуры плануюць правесці свята вёскі.

Руслан Ананьеў

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.