Першае пасяджэнне новага Савета грамадскай арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых” (YMCA Беларусі) прайшло ў Валожыне. Яго ўдзельнікі зацвердзілі план правядзення летнікаў, семінараў і трэнінгаў, супрацоўніцтва ў межах міжнародных праектаў, абмеркавалі іншыя пытанні.
Сярод прыярытэтаў дзейнасці Савета на бліжэйшыя два гады — дапамога лакальным аддзяленням YMCA Беларусі ў рэалізацыі іх ініцыятыў, ва ўмацаванні арганізацыйнай структуры. З улікам гэтага на першае пасяджэнне запрасілі прадстаўнікоў лакальных арганізацый з Ліды і Бабруйска, абмеркавалі перспектывы развіцця.
— За два дні мы абмеркавалі шмат пытанняў, — адзначыла старшыня Савета YMCA Беларусі Марыя Мядзведзева. — На мой погляд, найбольш важныя з іх – аб членскай палітыцы, прыцягненні ў арганізацыю новых людзей, а таксама пра актывізацыю ўзаемадзеяння між лакальнымі аддзяленнямі.
На яе думку, акцэнт на такія пытанні трэба рабіць і надалей. Яшчэ адзін важны прыярытэт — развіццё моладзевага цэнтра “Панямонцы”. У наступным годзе, як плануецца, у ім адбудуцца тры летнікі. У гэтым комплексе, размешчаным на беразе Нёмана ў Лідскім раёне, таксама пройдуць іншыя мерапрыемствы.
Руслан Ананьеў
Фота Яўгеніі Пачэпкі