Цёплы культурна-гастранамічна-астранамічны трэнінг “Кухня Сусвету” прайшоў у моладзевым цэнтры “Панямонцы”. Яго ўдзельнікі здзейснілі ўяўнае падарожжа ў мінуўшчыну Беларусі і быццам павандравалі па трох замежных краінах — Швецыі, Украіне і Расіі.
— Сабралася каля 25 чалавек, — распавядае адзін з удзельнікаў трэнінгу Алег Шот з Ліды. — Мы аб’ядналіся ў чатыры каманды. Удзельнікі кожнай з іх гатавалі традыцыйную страву Беларусі, Украіны, Расіі ці Швецыі.
Акрамя прыгатавання ежы ўдзельнікі трэнінгу пашырылі веды аб гастранамічных прыхільнасцях жыхароў гэтых чатырох краін. Госці Панямонцаў выканалі і творчае заданне – намалявалі плакат каманды і падрыхтавалі крэатыўную прэзентацыю. І, канешне ж, усе сабраліся на сумесную вячэру, пасля якой вывучалі традыцыйныя ды іншыя танцы. Пасля гэтага па народнай традыцыі на вогнішчы спалілі пудзіла.
— Удзельнікі трэнінгу не толькі набылі карысны культурна-гастранамічны досвед, але і знайшлі новых знаёмых, якія прыехалі ў вёску Панямонцы Лідскага раёна з розных куткоў Беларусі, — адзначае прадстаўніца каманды арганізатараў Стася Цярэнцьева з Віцебску.
Па яе словах, з-за вялікай колькасці ўдзельнікаў і абмежаванага часу, магчыма, арганізатары не паспелі рэалізаваць усе ідэі. Узнікалі і непрадбачаныя сітуацыі. Тым не менш трэнінг атрымаўся шчодрым на яркія эмоцыі і цёплыя ўспаміны.
Руслан Ананьеў
Фота https://vk.com/ponemontsy