Мастацтва на роўных: у Берасці знайшлі “эліксір” упэўненасці

Упрыгожыць жыццё яркімі фарбамі шчырых чалавечых пачуццяў вырашылі ўдзельнікі праекта “Мастацтва на роўных”. У Берасці яны распачалі другі этап падарожжа ў свет летуценняў, роўнасці і прагі новых адкрыццяў.

“Маляваць можа кожны” – у гэтым вырашылі пераканаць нават “здзервянелых” скептыкаў валанцёры YMCA Брэста. Яны пачалі ладзіць майстар-класы па жывапісе ў чэрвені 2017 года. Малявалі кветкі, мора, іншае. А ўжло ў ліпені зладзілі першую выставу.

— Маляванне — выдатны сродак для самавыражэння, — адзначае куратар праекта, адна з лідарак YMCA Брэста Юлія Палушкіна. — Творчасць дапамагае людзям раскрыцца, паверыць у свае сілы, дадаць у штодзённы бег жыцця новыя, яркія фарбы.

Ёсць і яшчэ адна чароўная сіла жывапісу — творчасць збліжае людзей. Сярод удзельнікаў берасцейскага праекту былі і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. І мастацтва стварала атмасферу інклюзіі, даверу, супрацоўніцтва.

— Калі чалавек дзякуючы нам пераканаецца, што маляваць можа кожны, — значыць, ён паверыць у сябе, будзе больш рашуча ісці таксама да здзяйснення іншых мараў, — пераканана Юлія.

Паступова праект пашырае свае гарызонты. У ліпені пленэр “Мастацтва на роўных” прайшоў падчас фестывалю “Разам” на маляўнічым беразе Нёмана у вёсцы Панямонцы Лідскага раёна Гродзенскай вобласці.

Там жа нарадзілася новая ініцыятыва: вялікі ліст паперы з малюнкамі маладых беларусаў адправіўся ў вандроўку па свеце. Першымі эстафету прынялі сябры са Швейцарыі. Яны дадалі сваіх малюнкаў.

А ў Берасці напрыканцы кастрычніка пачаўся чарговы этап праекта “Мастацтва на роўных”. Удзельнікі першай сустрэчы з дапамогай фарбаў адлюстравалі свае ўяўленні пра неабсяжную прыгажосць зорнага неба.

— Мяркуем у пачатку снежня адкрыць выставу, прымеркаваную да Міжнароднага дня інвалідаў, — гаворыць Юлія Палушкіна. — Таксама ёсць іншыя ідэі. Напрыклад, збіраемся акрамя жывапісу заняцца яшчэ і ганчарствам. Выдатна, што мастацтва натхняе на новыя крокі!

Руслан Ананьеў

Фота https://vk.com/art_ymca_brest

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.