Адкрылі нямецкі пакой, умацавалі частку падмурка будынка моладзевага цэнтра “Панямонцы”, пачалі будаваць прыступкі да Нёмана і альтанку. Акрамя плённай супольнай працы ўдзельнікі беларуска-нямецкага летніка “Дом Еўропы” пазнаёміліся з культурай, традыцыямі дзвюх краін, падзяліліся досведам у іншых сферах і выявілі яркія творчыя здольнасці.
Намётавы летнік прайшоў 6-15 жніўня 2017 года ў моладзевым цэнтры “Панямонцы”, размешчаным за 40 кіламетраў ад горада Ліды на захадзе Беларусі, па ініцыятыве YМСА Беларусі і EVANGELISCHES JUGENDWERK in Stuttgart and Öhringen. Удзельнікамі праекта сталі каля 30 чалавек (прыкладна па 15 чалавек з Беларусі і Германіі). Амаль што два тыдні яны правялі на маляўнічым беразе Нёмана — адной з галоўных рэк краіны.
— Каб трапіць у Панямонцы, мы пераадолелі 1,5 тысячы кіламетраў, праехалі па тэрыторыі некалькіх краін, — адзначылі прадстаўнікі нямецкай каманды. — Імкнуліся дапамагчы, каб стары будынак былой вясковай школы ператварыўся ў “Дом Еўропы”, стаў яшчэ больш прывабным для адпачынку моладзі з розных краін.
Па іх словах, падчас летніка плённа працавалі, шмат чаго паспелі зрабіць. Акрамя таго, пазнаёміліся з народнымі традыцыямі Беларусі, завіталі ў госці да жыхароў Панямонцаў, пагутарылі з імі, пачаставаліся мясцовымі прысмакамі.
— Падчас летніка прайшлі нацыянальныя беларуская і нямецкая вечарыны, майстар-класы, творчыя канцэрты, — падзялілася ўражаннямі беларуская прадстаўніца каманды арганізатараў летніка Стася Цярэнцьева. — Натхняльнай была і незвычайная атмасфера адкрытасці, адзінства. Мы шмат размаўлялі, з карысцю бавілі вольны час. Гэты досвед карысны і незабыўны!
— Беларуска-нямецкі летнік у такім фармаце прайшоў у Панямонцах упершыню, — адзначае генеральны сакратар YМСА Беларусі Аляксандр Драчук. — Мы працяглы час рыхтаваліся, шмат разоў карэкціравалі праграму. І такі праект, на мой погляд, прайшоў паспяхова. Гэта – вынік плённай працы, актыўнасці ўсіх удзельнікаў. Асабліва хачу падзякаваць беларускай камандзе арганізатараў — Стасі Цярэнцьевай, Вераніцы Садоўнікавай, Дзмітрыю Ваховічу, а таксама нямецкім лідэрам — Даніэлю Фэбелю, Лукасу, Сіду.
Па яго словах, моладзевы цэнтр у Панямонцах працягне развівацца. Услед за нямецкім пакоем у доме створаць і швейцарскі. Плануецца і надалей ладзіць нацыянальныя і міжнародныя летнікі.
Руслан Ананьеў
Фота https://vk.com/ponemontsy
Праўда, працавалася з задавальненнем, калі трэба было, нават звыш нормы — і нашы, і немцы (а кажуць немцы працують «От і до»). І адпачывалі.