Жывыя ўспаміны жыхароў маляўнічай вёскі Панямонцы Лідскага раёна, іх аўтэнтычныя песні, сакрэты народных беларускіх страў — такія ды іншыя скарбы збяруць валанцёры YMCA Беларусь. Кнігу і музычны дыск з такімі здабыткамі збіраюцца прэзентаваць напрыканцы ліпеня на сямейным фестывалі на беразе Нёмана.
З цікавымі, ветлівымі і гасціннымі жыхарамі гэтай вёскі, размешчанай за 40 кіламетраў ад Ліды, валанцёры YMCA Беларусь пазнаёміліся падчас летнікаў, фестывалю, іншых сустрэч, што адбываюцца ў моладзевым цэнтры “Панямонцы” на працягу некалькіх апошніх гадоў. Такія сустрэчы натхнілі на новыя адкрыцці – захацелася зведаць яшчэ больш і занатаваць гэтыя скарбы. Таму і вырашылі падрыхтаваць кнігу з расповядамі людзей, мноствам фота і музычным дыскам.
— Каб сабраць неабходныя матэрыялы, ўжо здзейснілі першую экспедыцыю, — распавядае Станіслава Цярэнцьева з YMCA Віцебск. — Разам з фатографам Кірылам Бародзічам мы прайшлі па вёсцы, сустрэліся з яе жыхарамі.
Па яе словах, надвор’е было па-травеньску цёплым. І яно дадало шчырым размовам і сакавітым фота свежыя яркія адценні.
— Мы запісалі на дыктафоны некалькі аўтэнтычных песень, пагутарылі пра народныя танцы і мясцовыя святочныя традыцыі, — распавяла яна. — Мы ішлі па вуліцы, сустракаліся з людзьмі. Тыя з намі размаўлялі, запрашалі да сябе ў хату, частавалі гарбатай. Адна жанчына паказала свае тканыя вырабы, з іншай разам разглядалі чорна-белыя фота са старых фотаальбомаў. Яшчэ з адной гаспадыняй дамовіліся наступным разам прыгатаваць штосьці з яе сямейных рэцэптаў.
Яшчэ больш пазнаёміцца з асаблівасцямі жыцця мясцовых вяскоўцаў дапамогуць новыя экспедыцыі.
— Я таксама буду сустракацца з жыхарамі Панямонцаў, — паведаміў Руслан Ананьеў з YMCA Мінск. — І на падставе гэтых размоў пісаць кароткія расповяды пра мінулае і будучыню вёскі, светапогляд і таленты жыхароў, пра скарбы народнай беларускай культуры. Я сам нарадзіўся і працяглы час жыў у Лідзе. Таму адчуваю нябачную повязь з Панямонцамі, яе жыхарамі.
Экспедыцыі ў Панямонцы, выданне кнігі і запіс дыску з песнямі, як плануюць валанцёры YMCA Беларусь, дапамогуць захаваць скарбы беларускіх народных традыцый, узмацняць прыцягальнасць для беларусаў і замежнікаў гэтага куточка беларускага Панямоння.
— Мы пачыналі са сціплай ідэі напісаць маленькую кнігу, — адзначае Руслан. — Але нават пасля першай экспедыцыі зразумелі, што такія пошукі могуць прывесці да больш маштабных творчых праектаў. Пакуль што задача-мінімум — прэзентаваць на ліпеньскім фестывалі кнігу ў двух варыянтах — на беларускай і англійскай мовах, прыкласці дыск з песнямі і фота. Спадзяюся, што да нас далучацца іншыя апантаныя людзі, якія пажадаюць вывучаць спадчыну нашай краіны і будуць шчодра дзяліцца такімі сваімі здабыткамі.
Фота Кірыла Бародзіча