Інтэрактыўныя і актыўныя метады працы з падлеткамі ў летніках вывучылі ўдзельнікі семінара-трэнінга ў моладзевым цэнтры “Панямонцы”. Некаторыя з іх пажадалі стаць валанцёрамі, у бліжэйшы час прымяніць тэорыю на практыцы.
У моладзевы цэнтр “Панямонцы”, размешчаны ў 40 кіламетрах ад Ліды, прыехалі прадстаўнікі сферы адукацыі Лідскага раёна. Яны пазнаёміліся з перавагамі нефармальнай адукакацыі, папулярным ў многіх краінах свету прынцыпам навучання на працягу ўсяго жыцця.
— Мы таксама абмеркавалі асаблівасці правядзення ў чэрвені ў Панямонцах летніка, які збярэ школьнікаў Лідскага раёна, — патлумачыла Вераніка Садоўнікава, адзін з лідэраў грамадскай арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых” (YMCA Беларусь). — Вельмі важна, што двое з удзельнікаў сустрэчы вырашылі стаць валанцёрамі летніка. І гэта выдатны вынік!
Летнік для школьнікаў раёна ўпершыню прайшоў у Панямонцах ў чэрвені 2016-га. Па яго выніках было шмат выдатных водгукаў. Таму вырашылі працягнуць такую традыцыю.
Моладзевы цэнтр “Панямонцы” арганізацыя YMCA Беларусь развівае ў аднайменнай вёсцы Лідскага раёна. За апошнія некалькі гадоў там адрамантавалі вялікі аднапавярховы будынак былой мясцовай школы, добраўпарадкавалі прылеглую тэрыторыю. І ужо сёлета услед за чэрвенькім летнікам Панямонцы прымуць яшчэ два, якія запланаваныя на ліпень і жнівень. Акрамя таго напрыканцы ліпеня жыхароў розных гарадоў і краін пакліча сямейны фкестываль “Разам”. Аб яго асаблівасцях удзельнікам семінара-трэнінга распавяла каардынатар праекта Вольга Крусь.
Руслан Ананьеў