Павольны сямейны фестываль “Разам” без мабільнікаў, алкаголю і стрэсаў пройдзе 28-30 ліпеня 2017 года ў вёсцы Панямонцы Лідскага раёна Беларусі. Яго ўдзельнікі на тры дні адмовяцца ад гадзіннікаў, інтэрнэту, фастфуду і паспрабуюць адчуць смак сапраўднага жыцця і целыню няспешых размоў на беразе Нёмана.
Па запрашэнню YMCA Беларусь (грамадскай арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых”) у моладзевым цэнтры “Панямонцы” збяруцца людзі розных узростаў, нацыянальнасцей, фізічных магчымасцей, творчых і гастранамічных захапленняў. Іх чакаюць карысная сялянская ежа, спевы, гульні, спартыўныя спаборніцтвы, батлейка, майстар-класы, прэзентацыі ды шмат іншага. Плануюць зладзіць рэканстркцыю традыцыйнага беларускага народнага вяселля, пазнаёміць з іншымі скарбамі культуры.
— Многія з нас апынуліся ў палоне сваіх гадзіннікаў і мабільнікаў, — тлумачыць каардынатар фестывалю “Разам” Вольга Крусь. — Мы спяшаемся працаваць і жыць. Кантакты між людзьмі становяцца такімі ж хуткімі, стандартнымі і малакарыснымі, як фастфуд. Наш фестываль у моладзевым цэнтры “Панямонцы” — магчымасць запаволіць бясконцы бег, сустрэцца з цікавымі людзьмі, паразмаўляць з імі і паспяваць разам за вялікім сталом, адчуць смак сапраўднай ежы і сапраўднага жыцця.
Па яе словах, гэты фестываль дапаможа кожнаму па-іншаму зірнуць на сваё штодзеннае жыццё, зведаць новы фармат правядзення вольнага часу, пазнаёміцца з беларускімі народнымі традыцыямі. Апроч таго, за два гады, якія прайшлі з мінулага фестывалю, многія пасталелі, у валанцёраў YMCA Беларусь падрастаюць дзеці. Таму і выбралі сямейны фармат.
У Панямонцах бацькі змогуць адарвацца ад тэлевізараў, кампьютэраў і мабільнікаў. І ўсю сваю ўвагу і цеплыню, пяшчоту падарыць дзецям. Можна разам маляваць, пець, зрабіць ляльку для батлейкі, паставіць уласны спектакль ці прыдумаць штосьці іншае. Дастаткова аднойчы адчуць радасць сямейнай гармоніі — і пазней бацькі захочуць ізноў бавіць вольны час з дзецьмі, разам адпраўляцца ў падарожжы.
Першы фестываль у моладзевым цэнтры “Панямонцы” прайшоў улетку 2015 года. На яго сабраліся валанцёры YMCA Беларусь, іх замежныя сябры, жыхары Панямонцаў ды суседніх вёсак. Тады акцэнт зрабілі на музыцы, спевах, танцах. Сёлета ж вырашылі вырвацца з палону часу і стварыць па-сямейнаму прыемную абстаноўку. Арганізатары, сярод якіх прадстаўнікі розных рэгіёнаў Беларусі, рыхтуюць шмат сюрпрызаў. Яны гатовы да эксперыментаў, абяцаюць незабыўныя ўражанні.
Руслан Ананьеў