“Белазы”, студэнцкі побыт, Белавежскую пушчу і калядныя традыцыі пабачылі ў Беларусі 22 прадстаўнікі YMCA Ганконг. Дзякуючы такой сустрэчы YMCA Беларусь можа пашырыць супрацоўніцтва з Кітаем, выкарыстоўваць новыя падыходы ў правядзенні летнікаў і супрацоўніцтве з каледжамі і ўніверсітэтамі.
– Мы праляцелі больш за 6 тысяч кіламетраў, каб на месцы вывучыць эканоміку, культуру, традыцыі Беларусі, пазнаёміцца з маладымі людзьмі, — растлумачыў мэту візіту намеснік галоўнага праграмнага сакратара YMCA Ганконг Фрэнкі Фонг.
Паводле яго слоў, нашы дзве краіны ў апошнія гады актыўна супрацоўнічаюць у сфереах палітыкі, эканомікі, культуры. Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін прыязджаў у 2015 годзе ў Мінск, прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка быў у Пекіне ў 2016-м. Прадстаўнікі дзвюх дзяржаў ўдзельнічаюць у рэалізацыі канцэпцыі Эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Таму ў студэнтаў з Ганконга і ўзнікла жаданне пазнаёміцца з Беларуссю – далёкай і незнаёмай еўрапейскай краінай.
Каардынатарам паездкі стала мясцовая ганконская арганізацыя YMCA. Жадаючых было шмат. Таму сярод прэтэндэнтаў правялі конкурсны адбор, сфармавалі групу.
– Напярэдадні сустрэчы я крыху хвалявалася, – прызнаецца каардынатар з YMCA Мінск Яўгенія Сядова. – Не ведала, што іх найбольш цікавіць у Беларусі. Але калі з імі сустрэлася, дык супакоілася. Яны падаліся вельмі прыязнымі, актыўнымі, гатовымі да паездак і адкрыццяў. Пазнаёміцца з Мінскам і ўсёй Беларуссю ім дапамаглі валанцёры YMCA Мінск, студэнты сталічных ВНУ, старшакласнікі з сярэдняй школы № 154.
За некалькі дзён госці з Кітая паспелі вывучыць Беларусь з розных бакоў. Яны здзейснілі аглядную экскурсію па Мінску. Пазней падчас тэматычных прэзентацый даведаліся, што менавіта дапамагае Кітаю і Беларусі збліжацца ў сферах палітыкі, эканомікі, культуры. Яны наведалі беларускія прадпрыемствы рознага профілю. Даведаліся, як кампанія «EPAM» стала буйным распрацоўшчыкам праграмнага забеспячэння. Ўбачылі, як нараджаюцца велізарныя кар’ерныя самазвалы – «белазы». На піўзаводзе «Аліварыя» вывучылі старадаўнія рэцэпты, пачаставаліся найбольш папулярнымі гатункамі прадукцыі. Да традыцый беларускай вёскі мінулых стагоддзяў дакрануліся ў музеі народнай архітэктуры і побыту. Туды з розных рэгіёнаў Беларусі прывезлі драўляныя хаты, цэрквы ды іншыя пабудовы, размясцілі іх пад адкрытым небам.
– Было і шмат жывых кантактаў, майстар-класаў, – распавяла Яўгенія. – Мы разам, напрыклад, вывучалі беларускія танцы, выраблялі цацкі з саломы і кітайскія «ліхтарыкі» з кардона.
Гарачы прыём і шмат рухаў дапамаглі гасцям з Кітая хутчэй прызвычаіцца да беларускага надвор’я. Спецыяльны адміністрацыйны раён Ганконг размешчаны ў трапічным поясе на поўдні Кітая. Нават у снежні і студзені там сярэдняя дзённая тэмпература, як правіла, не апускаецца ніжэй за 15 градусаў цяпла. Мінск жа сустрэў гасцей снегам і лёгкім марозам.
Пасля сталіцы ганконгскія госці наведалі Брэст. Іх сустрэлі хлебам з соллю, народнымі спевамі. Вялікая кітайска-беларуская каманда пабывала ў Брэсцкай крэпасці, завітала ў Белавежскую пушчу, сустрэлася з Дзедам Марозам.
— Найбольш замежныя студэнты былі ўражаныя навагодняй вечарынай у сядзібе “Палесскія традыцыі” і наведваннем сем’яў берасцейцаў, – распавядае старшыня YMCA Брэст Вольга Крусь. – Яны вельмі здзівіліся вялікай колькасцю страў на святочным стале ў сядзібе. Ім прыйшліся даспадобы смак ежы, а таксама мноства вясёлых конкурсаў. Госці дзякавалі і за адкрытасць, гасціннасць беларусаў.
На яе думку, ганконгскія студэнты вернуцца дадому з безліччу яркіх ўражанняў. Яны будуць ведаць, што ў Беларусі ёсць і марозная зіма, і гарачае лета. А таксама помніць тое, што жыхары краіны –– адкрытыя і шчодрыя, яны шануюць свае народныя традыцыі.
Госці пазнаёмілі беларусаў з адметнасцямі сваёй радзімы. Спецыяльны адміністрацыйны раён Ганконг размешчаны на поўдні Кітая, на краі паўвострава і больш чым 260 астравах. На гэтай тэрыторыі пражываюць больш за 7 мільёнаў чалавек. Дзякуючы нізкаму ўзроўню падаткаў і мытных пошлін Ганконг стаў адным з найважнейшых фінансавых цэнтраў свету.
Да 1997 года гэтая тэрыторыя была пад кантролем Вялікабрытаніі, а цяпер – частка Кітая. Прыезд работнікаў з іншых рэгіёнаў краіны прывёў да абвастрэння праблем у Ганконгу. Паказчык шчыльнасці насельніцтва, які лічыцца адным з самых высокіх у свеце, вырас. Дадалося беспрацоўных, жыллё падаражэла. Розніца ва ўзроўні жыцця паміж беднымі і багатымі стала яшчэ больш заўважнай.
У такой сітуацыі YMCA Ганконг дапамагае мясцовай моладзі загартаваць іх дух, інтэлект і цела. З-за высокай шчыльнасці насельніцтва, перапоўненага транспарту і маленькіх кватэр валанцёры нават праводзяць спецыфічныя заняткі. На іх разбіраюцца, як пераадолець стрэсы і стаць больш спакойным, ўраўнаважаным. Яны называюць такія сустрэчы «карнавалам павольнай жыцця». Акрамя таго, удзельнікі арганізацыі падарожнічаюць, рэалізуюць сацыяльныя ды іншыя праекты.
— YMCA Ганконг пераважна спецыялізуецца на працы са студэнтамі, прапануе свае паслугі каледжам і ўніверсітэтам, – параўнаў генеральны сакратар YMCA Беларусь Аляксандр Драчук. – І гэты досвед, магчыма, мы паспрабуем скарыстаць і ў нашай дзейнасці. Акрамя таго, нас зацікавіла дзейнасць ганконгцаў ў сферы спорту, правядзення летнікаў. Было б карысна супрацоўнічаць у гэтым. Такі замежны досвед можа, напрыклад, паспрыяць развіццю моладзевага цэнта YMCA Беларусь у Панямонцах Гродзенскай вобласці.
Па яго словах, такі візіт адбыўся па ініцыятыве YMCA Ганконг. З улікам перыяду навагодніх святаў валанцёры YMCA Беларусь галоўны акцэнт зрабілі на культуру, традыцыі краіны, сустрэчы з мясцовай моладдзю. У далейшым, калі б адбыліся чарговыя візіты, можна было б больш шырока пазнаёміць са спецыфікай дзейнасці YMCA Беларусь і яе лакальных аддзяленняў, а таксама запрашаць гасцей і з іншых рэгіёнаў Кітая, з іншых краін.
— Прыезд вялікай дэлегацыі з Ганконга прадэманстраваў, што ў нас ёсць актыўныя і таленавітыя людзі, здольныя спланаваць цікавую праграму мерапрыемстваў. Я вельмі ўдзячны за гэта Яўгеніі Сядовай, Вользе Крусь, берасцейцы Ірыне Бурбліс ды ўсім іншым, хто ім дапамагаў, – падкрэсліў Аляксандр Драчук. – Акрамя таго, візіт гасцей дапамог яшчэ больш згуртаваць актыўных ўдзельнікаў YMCA Беларусь, прыцягнуць мноства новых валанцёраў.
Руслан Ананьеў