Арыфметыку роўнасці і мінусы дыскрымінацыі вывучылі школьнікі Лідскага раёна. У далейшым яны паспрабуюць сябе ў ролі настаўнікаў, падзеляцца з аднагодкамі сваімі ведамі па гэтай тэме.
Семінар па падрыхтоўцы мульціплікатараў (тых, хто будзе распаўсюджваць веды) прайшоў у Лідзе. У ім паўдзельнічалі 15 вучняў з горада і вясковых школ раёна. За два дні яны вывучылі тэорыю і практыку па тэме роўнасці і пераадолення дыскрымінацыі. Зарыетавацца ў складаных пытаннях ім дапамаглі трэнеры Інна Палійчук (YMCA Брэст) і Аляксандра Новік (YMCA Маладзечна).
— Семінар называўся вельмі сімвалічна: “Роўнасць, альбо 1=1”, — распавяла Інна. — Мы разгледзелі прыклады дыскрымінацыі — паміж людзьмі рознай расы, полу, нацыянальнасці.
Напрыклад, абмяркоўвалі сітуацыю з неабходнасцю ўстаноўкі светлафораў з гукавой індыкацыяй. Такое абсталяванне неабходна для бяспечнага перамяшчэння людзей, які дрэнна бачаць ці страцілі зрок. Школьнікі горача спрачаліся, прыводзілі аргументы.
— Я заўважыла, што падлеткі ў параўнанні з дарослымі ў меншай ступені знаходзяцца пад уплывам негатыўных стэрэатыпаў, — адзначыла Інна. — Хочацца, каб і надалей яны жылі без забабонаў, не дыскрымінавалі адзін аднаго.
Вельмі важным, на думку Аляксандры Новік, быў блок семінара, прысвечаны адпрацоўцы на практыцы атрыманых ведаў. Будучыя мульцілікатары аб’ядналіся па двое.
— Падлеткі паспрабавалі правесці некалькі практыкаванняў, атрымалі парады ад трэнераў, — патлумачыла Аляксандра. — Для іх гэта быў абсалютна новы досвед. Але яны з гэтым добра справіліся.
Трэнінг ў Лідзе стаў карысным і для трэнераў. Напрыклад, Інна раней спецыялізавалася на тэмах прафілактыкі ВІЧ/СНІД, папулярызацыі здаровага ладу жыцця, распавядала і аб дзейнасці YMCA ў Беларусі ды іншых краінах.
У далейшым ўдзельнікі лідскага трэнінга правядуць семінары па тэме “Роўнасць, альбо 1=1” для сваіх аднагодкаў. Раней падчас аналагічных сустрэч мульціплікатараў падрыхтавалі ў Віцебску, Маладзечне, Валожыне.
Руслан Ананьеў