Каля 70 мультыплікатараў, якіх падрыхтавалі трэнеры YMCA Беларусь, раскажуць аднагодкам аб важнасці роўнасці паміж людзьмі ў паўсядзённым жыцці.
Мультыплікатары — тыя, хто будзе мульціплікаваць, распаўсюджваць веды. Іх падрыхтавалі на чатырох трэнінгах, якія прайшлі ў Брэсце, Валожыне, Віцебску і Маладзечне. Іх удзельнікамі сталі каля 70 школьнікаў старэйшых класаў. У Валожыне да мясцовых вучняў далучыліся падлеткі з Лідскага раёна. З няпростай, але цікавай справай мультыплікавання ведаў удзельнікаў у чатырох гарадах пазнаёмілі трэнеры Крысціна Мірсалімава, Яўгенія Пачэпка, Іна Палійчук, Юлія Ведышава ды Стася Цярэнцьева.
— Падрыхтоўка мультыплікатараў — адзін з найважнейшых кірункаў дзейнасці грамадскай арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых” (YMCA Беларусь), — адзначыла старшыня віцебскага аддзялення арганізацыі Яўгенія Пачэпка. — Дагэтуль мы найперш звярталі ўвагу на папулярызацыю здаровага ладу жыцця, прафілактыку ВІЧ/СНІД, іншыя тэмы. А сёлета вырашылі заняцца і праблемамі роўнасці.
На яе думку, клапаціцца аб роўнасці паміж людзьмі цяпер вельмі важна. Неабходна паводзіць сябе правільна, не дапускаць дыскрымінацыі ў дачыненні да людзей іншага полу, нацыянальнасці, расы, іншага ўзроўню фізічных магчымасцей. Калі такім чынам дзейнічаць, жыццё кожнага чалавека стане больш гарманічным і цікавым, канфлікты не будуць псаваць настрой і адбіраць час і сілы.
— Займацца мультыплікаваннем з падлеткамі мне давялося ўпершыню, — прызналася трэнер Стася Цярэнцьева. — Дагэтуль найперш кантактавала з больш дарослай аўдыторыяй. Але новы досвед працы са старшакласнікамі для меня быў таксама вельмі цікавым.
Падчас заняткаў трэнеры імкнуліся не толькі ўзбагаціць веды мультыплікатараў па тэме роўнасці. Вельмі важна было навучыць іх методыкам, якія дапамагаюць прыцягваць увагу аўдыторыі, цікава і даступна распавядаць аб перавагах роўнасці.
Якія высновы зрабілі мультыплікатары пасля трэнінгаў? “Няма “ненармальных” людзей, — прыйшоў да высновы адзін хлопец. — Проста усе людзі адрозніваюцца адзін ад аднаго”.”Я зразумела, што не варта мысліць стэрэатыпамі”, — адзначыла дзяўчына. “У нашым жыцці шмат дыскрымінацыі”, — дадала іншая школьніца. “Быць мультыплікатарам — цяжка, але цікава”, — вырашыў яшчэ адзін хлопец.
У далейшым падрыхтаваныя мультыплікатары, як плануецца, будуць аб’ядноўвацца па двое і праводзіць семінары для аднагодкаў па прынцыпе “Роўны навучае роўнага”.
Руслан Ананьеў