Майстэрства распрацоўкі і правядзення ролевых гульняў жывога дзеяння (LARP) вывучылі на трэнінгу ў Моладзевым цэнтры “Панямонцы”.
Першая трэнінгавая сесія прайшла 8-9 кастрычніка 2016 года. Яе ўдзельнікамі сталі валанцёры YMCA Беларусь з Віцебска, Бабруйска, Маладзечна, Ліды і Мінска.
За два дні яны вывучылі, што такое LARP, пазнаеміліся з яго структурай. Даведаліся, у якіх сферах і з якой мэтай яго можна выкарыстоўваць. Акрамя таго, пачалі распрацоўваць новыя ролевыя гульні жывога дзеяння. Вывучыць гэта цікавае майстэрства дапамагла Яўгенія Сядова – трэнер з YMCA Мінск, выпускніца міжнароднага праекта Larpwriter summer school-2014.
— LARP у чымсці падобны на тэатр імправізацыі, толькі ў ім няма гледачоў, — тлумачыць Яўгенія. — Загадзя падрабязна прапісваецца пэўная сітуацыя з ролямі людзей. Задача ўдзельнікаў — максімальна ўключыцца ў гэтую ролевую гульню і праз гэта набыць карысны досвед.
Па яе словах, навучэнцы панямонскага трэнінгу рыхтуюць LARP з трох частак. Прыкладна 1,5 гадзіны адводзяць на псіхалагічную і эмацыянальную падрыхтоўку ўдзельнікаў гульні. Пасля гэтага 1 гадзіну прысвячаюць непасрэдна гульні. І наступныя 30 хвілін – на абмеркаванне, рэфлексію.
— У ролевых гульнях жывога дзеяння звычайна няма канкрэтнай мэты, якой павінен дасягнуць кожны ўдзельнік. Больш важны сам працэс ўзаемадзеяння людзей у незвычайных абставінах, — адзначае Яўгенія. — Самае галоўнае — каб людзі адключыліся ад свайго звыклага жыцця і традыцыйнай сацыяльнай ролі. Па сцэнары можа змяніцца ўзрост, нацыянальнасць, прафесія, гендар ці штосьці іншае. Важна, каб чалавек праз гульню перажыў свежыя эмоцыі,па-новаму зірнуў на сябе і навакольных.
Сама Яўгенія Сядова зацікавілася LARP прыкладна тры гады таму. І з таго часу ўдзельнічае ў такіх мерапрыемствах, распрацоўвае свае. Гаворыць , што гэта яе натхняе, прыносіць яркія эмоцыі. Кожная гульня дапамагае яшэ лепш спазнаць саму сябе.
Пасля першай трэнінгавай сесіі школы LARP, якая прайшла ў Панямонцах, яе ўдзельнікі аб’ядналіся ў тры каманды і атрымалі хатняе заданне – распрацаваць уласны сцэнар гульні. Вынікі такой дзейнасці абмяркуюць у Панямонцах падчас другой сесіі. Яна пройдзе 21-23 кастрычніка. Навучэнцы змогуць ўдасканаліць сваё майстэрства, правесці свае LARP і ацаніць ступень іх бездакорнасці.
У далейшым выпускнікі першай LARP-школы YMCA Беларусь змогуць самастойна распрацоўваць і рэалізоўваць свае творчыя ідэі ў гэтай сферы.
Руслан Ананьеў