Разгадаць сакрэты вялікай дзяржаўнай машыны і адшукаць сферы для актыўнасці яе грамадзян паспрабуюць удзельнікі моладзевага летніка “Панямонцы-2016”. З 25 па 31 ліпеня па ініцыятыве YMCA Беларусь жыхарамі намётавага гарадку стануць валанцёры з розных рэгіёнаў нашай краіны, а таксама з замежжа.
Летнік пройдзе ў вёсцы Панямонцы Лідскага раёна. Кожны з сямі дзён будзе поўніцца адукацыйнымі, спартыўнымі, культурнымі ды іншымі падзеямі. Іх удзельнікамі стануць больш за 60 чалавек.
— Шматлюдныя сустрэчы ў Панямонцах мы ладзілі і раней, — распавядае дырэктар летніка “Панямонцы-2016” Яўгенія Пачэпка. –— Напрыклад, летась прайшоў вялікі летнік і культурна-асветніцкі фестываль. Сёлета ў чэрвені тыдзень у Панямонцах з карысцю правялі каля 50 школьнікаў з Лідскага раёна. А ў гэты раз мы вырашылі ў інтэрактыўным фармаце разабрацца, з чаго складаецца дзяржава, якую ролю ў ёй можа адыгрываць кожны чалавек, якім чынам можна паляпшаць жыццё на прыватным і агульнадзяржаўным узроўні.
Выбар такой тэматыкі невыпадковы. Сёлета ў рэгіянальных суполках арганізацыі YMCA Беларусь ужо праходзілі адукацыйныя мерапрыемствы па пытаннях правоў чалавека, грамадскай актыўнасці, роўнасці, гендэрных зносін. Летнік стане выдатнай інтэрактыўнай пляцоўкай для працягу такой дыскусіі.
Чарговы летнік, як разлічвае яго арганізацыі, паспрыяе развіццю Моладзевага цэнтра ў Панямонцах. Ён ствараецца валанцёрамі з YMCA Беларусь (грамадскага аб’яднання “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых”) на базе вялікага будынка былой вясковай школы.
За мінулыя два гады гэтая пляцоўка на беразе Нёмна значна змянілася. Валанцёры адрамантавалі частку пакояў былой школы, перакрылі дах, вычысцілі і добраўпарадкавалі прылеглую тэрыторыю. У далейшым, як плануецца, гэты ўнікальны для Беларусі вясковы моладзевы цэнтр пашырыць сваю папулярнасць, стане прывабным месцам для правядзення летнікаў, семінараў, спартыўных і культурных мерапрыемстваў, а таксама сямейнага адпачынку ў фармаце здаровага ладу жыцця.
Руслан Ананьеў