Купальскае свята са спевамі, танцамі, майстар-класамі, квэстам і пачастункамі зладзілі валанцёры YMCA Беларусь і Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі каля Берна.
Свята прайшло на беразе ракі Аарэ каля сталіцы Швейцарыі. На Купалле прыехалі больш за 60 гасцей. Сярод іх каля чвэрці — дзеці. Спазнаць таямніцы беларускага Купалля вырашылі прадстаўнікі сямі нацыянальнасцей. Важкасці гэтай сустрэчы дадалі беларускія дыпламаты, які завіталі на Купалле са сваімі сем’ямі, — Часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарскай Канфедэрацыі Павел Мацукевіч і Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры аддзяленні ААН ды іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Юрый Амбразевіч.
— Па старажытнай беларускай народнай традыцыі мы сустракалі гасцей каля брамы, сплеценай з зялёных галінак дрэваў, частавалі напоем — крупнікам, — распавяла Стася Цярэнцьева, лідар арт-суполкі “Папараць-кветка”, што прыехала з Беларусі і зладзіла свята.
Па яе словах, праграма складалася з дзвюх частак. У першай, сакральнай, гучалі народныя песні, госці гуртаваліся ў Купальскі карагод. У другой, адукацыйна-гульнявой, праводзілі майстар-класы па народных беларускіх танцах. Госці таксама вучыліся плясці вянкі, шукалі ў тэматычным квэсце папараць-кветку, скакалі праз Купальскае вогнішча.
— Калі я праводзіў квэст, вельмі дзівіўся, што не толькі дзеці, але і іх бацькі хутка бегалі, выконвалі заданні, шукалі папараць-кветку, — падзяліўся ўражаннямі ўдзельнік арт-суполкі “Папараць-кветка” Аляксандр Трушнікаў. — Такая шчыраць, адкрытасць, апантанасць людзей вельмі натхніла.
Раней ён наведваў адзін раз Швейцарыю. Але і гэты, другі візіт, пакіне шмат яркіх успамінаў. Аляксандр гаворыць, што быў зачараваны прыродай Швейцарыі, яе 17-кіламетровым тунэлем, гасціннасцю прадстаўнікоў Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі, асабліва Сяргея Сіроткіна. Акрамя таго, дзякуючы вандроўцы ў Швейцарыю Аляксандр пашырыў свае веды аб народных традыцыях беларускага Купалля, атрымаў вельмі карысны досвед сумеснай працы у арт-суполцы, якую стварылі спецыяльна для выступлення ў Берне. Такім чынам, арганізацыя народных беларускіх святаў у Швейцарыі міжволі спрыяе адраджэнню аўтэнтычных традыцый і ў Беларусі.
— Мы ладзілі свята найперш для сваіх землякоў, якія жывуць у Швейцарыі, — патлумачыў прэзідэнт Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі Алесь Сапега. — Дарослыя і дзеці павінны мець магчымасць вывучаць родныя спевы, удзельнічаць у народных танцах і традыцыйных купальскіх забавах. Асабліва важна гэта для дзяцей. Менавіта ад іх залежыць, ці захаваюцца аўтэнтычныя традыцыі, ці будзе перадавацца ў спадчыну нацыянальны код беларусаў.
І тое, што на свята з задавальненнем сабраліся не толькі беларусы, але і прадстаўнікі шасці іншых нацыянальнасцей, сведчыць аб тым, што народныя традыцыі жывыя, запатрабаваныя.
— Хачу падзякаваць за плённае супрацоўніцтва нашым патнёрам з YMCA Беларусь, якія адгукнуліся на нашае запрашэнне і ў кароткі тэрмін падрыхтавалі і выдатна правялі святочную праграму, — адзначыў Алесь. — Шмат добрых словаў заслугоўвае і каманда Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі. У праекце ўдзельнічалі, у прыватнасці, такія цікавыя і актыўныя людзі, як сакратар арганізацыі Вольга Крук (на яе ляглі асноўныя клопаты па камунікацыі з гасцямі свята напярэдадні яго правядзення), сябра праўлення Алесь Вашкевіч (інфармацыйная і інфраструктурная падтрымка), віцэ-прэзідэнт і касір Асацыяцыі Сяргей Сіроткін (агульная арганізацыя мерапрыемства і суправаджэнне беларускай дэлегацыі).
— На мой погляд, свята прайшло вельмі паспяхова, — лічыць Сяргей Сіроткін. — Яно атрымалася менавіта такім, якім мы яго рэкламавалі ў адпаведнасці з уласнымі ўяўленнямі: цікавым, шматнацыянальным і смачным. Цудоўны час з прыемнымі людзьмі ў інтэрактыўнай, жывой атмасферы.
Па яго словах, святы народных традыцый Асацыяцыя ладзіць рэгулярна на працягу больш за трох гадоў. І з цягам часу папулярнаць імпрэзаў павышаецца.
— На мінулым Купаллі, — заўважае Сяргей, — мы пабілі ўсе папярэднія рэкорды (за тры «Гукання Вясны» і тры «Купалля» за апошнія тры з гакам гады — колькі троек!) — па нацыянальных строях, вышыванках і «вышымайках».
У далейшым каманда Асацыяцыі збіраецца ладзіць новыя сустрэчы, скіраваныя на адраджэнне і развіццё нацыянальнай беларускай культуры. У прыватнасці, увосень мяркуюць ізноў зладзіць традыцыйнае святкаванне Дня беларускага пісьменства.
Руслан Ананьеў