Хлопец са шляхетным прозвішчам у 22 гады з Бабруйску пераехаў жыць у Швейцарыю. Разам з жонкай-швейцаркай выхоўвае чатырох дзяцей. Ён узначальвае Асацыяцыі беларусаў у гэтай краіне, рэалізуе шмат творчых ідэй. І ўсё гэта, як сцвярджае Алесь, дзякуючы скаўтынгу.
Замест воўчых законаў — скаўцкія
— Калі я паступіў у тэхнікум, пайшоў у скаўты. Мяне спачатку не хацелі браць, бо я быў вельмі праблемным. У мяне былі сябры, сярод якіх панавалі воўчыя законы: былі і алкаголь, і бойкі. Калі ты панк, трэба біцца з гопнікам, — распавёў Алесь.
Юнака прывабліваў экстрым і вандроўкі. Аказалася, што скаўтынг – гэта перадусім духоўная загартоўка.
— Я вельмі ўдзячны свайму лідару. Тым, кім я зараз з’яўляюся, — гэта ўсё скаўтынг, – пераканана кажа суразмоўца.
Скаўцкай супольнасці YMCA ў Бабруйску Алесь яшчэ і абавязаны жонкай. Аднойчы на летнік прыехалі скаўты са Швейцарыі. Мілена была сярод іх.
Сёння іхныя двое старэйшых дзяцей таксама скаўты, яшчэ двое меншых пакуль падрастаюць. Муж і жонка Сапегі з’яўляюцца кантактнымі асобамі паміж арганізацыямі скаўтаў у Бабруйску (YMCA Бабруйск) і ў Швейцарыі (CEVI Геральдсвіль). На сямейным гербе Алеся і Мілены геральдыст намаляваў сімвал скаўтаў усяго свету — лілею. Усё дзякуючы скаўцкаму руху пара пазнаёмілася.
Што да шляхетнага прозвішча і сваяцтва з ягонымі вядомымі ўладальнікамі Алесь мае падрыхтаваны адказ: «Не ведаю. Паўтары месяцы таму я пачаў пошук каранёў. Каб не падпісвацца пад чужой славай, я кажу, што мы не сваякі. Праўда, часам такое прозвішча дапамагае: у тэхнікуме, ва ўніверсітэце, на мяжы».
Прывёз дзяцей на “дзядзькаванне” ў Бабруйск
Хоць сувязь з магнацкім родам Алесь пакуль не знайшоў, адзін учынак ягонай сям’і быў сапраўды высакародным.
У 2013 годзе Сапегі пераехалі жыць у Бабруйск на адзін год. Для Алеся і Мілены важна выхоўваць дзяцей і ў беларускай культуры, а што можа быць лепей за жыццё ў родным асяродку?
— Мы ехалі грузавіком: ложкі, матрацы, ровары — усё! Нам нават на мытні казалі: куды вы едзеце?.. Са Швейцарыі ў Беларусь?! Карацей, нас ніхто не зразумеў, але пазітыву было больш чым негатыву, — расказвае Алесь.
Самым складаным было сабраць дакументы для віду на жыхарства для Мілены: талоны, чэргі, аплата. Першы раз гэта ўспрымалася як прыгода, але пазней пачало прыносіць сапраўдныя стрэсы.
— Таксама з мінусаў, што мы згубілі працу там, бо давялося звольніцца, – падсумоўвае пераезд у Бабруйск Алесь. – Нашы дзеці настолькі звыклыя да шматмоўя і да таго, што мы не ўдома! Магчыма, пераедзем сюды на зусім, калі яны скончаць школу. Але гэта яшчэ год дзесяць дакладна пройдзе.
Пасля году жыцця ў Бабруйску Мілена часта прыязджае ў Менск сама: яна танчыць у балеце і выкладае ў школе замежных моваў.
На Гуканне вясны — у Цюрых, на Купалле — у Берн
Алесь узначальвае Асацыяцыю беларусаў у Швейцарыі чацвёрты год. Ён сам калісьці і спрычыніўся да з’яўлення такога аб’яднання.
— Праз 6 год, як я прыехаў, я патэлефанаваў у амбасаду і спытаўся пра арганізацыю беларусаў. Мне сказалі, што нічога няма, ёсць толькі людзі, якія задаюць такія пытанні, і запрасілі на размову. Праз 2 месяцы ў амбасадзе адбылося паседжанне, дзе мы стварылі арганізацыю, — узгадвае суразмоўца.
Ён згаджаецца, што за мяжой нашы людзі асімілююцца вельмі хутка. Часам ён знаёміўся з суайчыннікамі ў вельмі нечаканых сітуацыях.
— Аднойчы ехаў у аўтобусе, размаўляў па-беларуску. Затым я мусіў перасаджвацца ў цягнік. За мной, як хвосцік, пайшла дзяўчына. Урэшце яна кажа: «Вой, як прыемна пачуць беларускую мову пад Цюрыхам! У Беларусі не пачуеш, а тут!» Цяпер яна сябра нашай арганізацыі. Такіх гісторый вельмі шмат, — узгадвае Алесь.
У Асацыяцыі амаль 30 сяброў, а інфармацыйную рассылку атрымліваюць больш за 200 адрасатаў.
У адрозненні ад Польшчы, дзе беларусы жывуць больш-менш сканцэнтравана, у маленькай Швейцарыі яны раскіданы ўсюды. Гэта студэнты, кантрактнікі, ёсць і ўцекачы.
— У нас мерапрыемствы праходзяць: канцэрт — у Базылі, Гуканне вясны — у Цюрыху, Купалле – у Бэрне, Дзяды — у Фрыбургу, — расказвае пра мясцовыя асаблівасці Алесь.
Са Швейцарыяй звязаны лёсы трох значных для Беларусі асобаў. У прыгарадзе швейцарскага Фрыбура пахаваная княгіня Магдалена Радзівіл-Завіша. У Салатурны скончыў жыццё Тадэвуш Касцюшка. Яшчэ адзін беларус, што пакінуў след у Швейцарыі – паплечнік Кастуся Каліноўскага Леон Варнерке. Біяграфіі ўсіх іх вывучае дыяспара.
— Я сустракаўся з Вольскім, дамовіліся, што ён прыедзе да нас зімой, — распавядае Алесь. — Усё ж дыяспара — гэта не проста таньчыць і спяваць. Мы вырашылі рухацца далей за святы.
Дырэктарка рускай школы ў Цюрыху прапанавала на сваёй базе адкрыць беларускамоўны клас. Настаўніца і вучні знайшліся не адразу. Цяпер разам з Сапегамі вучыць дзетак роднай мове жадаюць яшчэ дзве сям’і.
— Трэба пачынаць з 2-3 вучняў і, можа, праз гады, будзе паўнавартасная школа, — лічыць Алесь. — У любым разе мы не закрылі гэта праект. Для мяне нашмат важней за святкаванне Купалля.
Разлічваць толькі на сябе
— Я лічу, што людзі, якія разлічваюць на падтрыманне, слабыя і слабыя іх арганізацыі, — нечакана адказвае Алесь.
Ён кажа, што Асацыяцыя беларусаў у Швейцарыі не піша заявак на гранты і не бярэ грошаў у беларускай амбасады. Яны не адзначаюць ані Дзень Незалежнасці, ані Дзень Волі ды трымаюцца «нейтральна і аўтаномна»: «Мы сябруем з усімі: не на пазіцыях падпарадкавання, але партнёрства», – кажа Алесь.
У падтрымку такой пазіцыі Алесь Сапега прыводзіць прыклад іншых аб’яднанняў беларусаў за мяжой. У Літве, Польшчы, ЗША сваркі з-за грошаў і маёмасці, на жаль, сталі звычайнай справай і ўжо выйшлі далёка за межы саміх супольнасцяў.
— Фінансаванне — гэта добра. Што будзе, калі яно знікне? Пакуль дыяспары не атрымліваюць грошы ад каго-кольвек, яны моцныя, — перакананы Алесь Сапега.
Сяброўскі ўнёсак у Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі —50 долараў на год. У чым місія беларускай дыяспары за мяжой? Нефармальная амбасада ці кола сяброў па інтарэсах?
— Я лічу, што ў тым, каб папулярызаваць беларускую культуру і мову для швейцарцаў і славянскіх народаў, што там жывуць, — падсумоўвае Алесь.
Паводле belsat.eu