У Панямонскую школу Міхаіл Груца прыйшоў вучыцца ў 1942 годзе, а развітаўся з ёй у 2002-м. Меркаваў, што праз некалькі гадоў занядбання яна разбурыцца, згіне. Але стварэнне Моладзевага цэнтра падарыла будынку былой школы другое жыццё.
Першы клас — ваенны
Міхаіл Міхайлавіч нарадзіўся ў Панямонцах ў 1934-м. А ў 1942-м пайшоў у мясцовую школу.
— Была нямецкая акупацыя, — узгадвае ён. — Заняткі праводзіў настаўнік па прозвішчу Санцэвіч.
Час ад часу мусілі раней сыходзіць з урокаў. Скажуць, што немцы едуць — і дзеці ціхенька і непрыкметна ўздоўж берага Нёмана разбягаліся па хатах. Заходзілі ў вёску савецкія патрызаны ці прадстаўнікі Арміі Краёвай — таксама дзяцей з-за перасцярогі адпраўлялі дадому.
Двор з “мурашамі”
— Раней дзяцей было шмат, — тлумачыць Міхаіл Груца. — Выйдзеш на перапынку ў школьны двор, а там дзяцей — бы мурашоў.
І гэта ня дзіўна. Калісьці ў Панямонцах было больш за 100 хат, а ў іх звыш за 600 жыхароў. У сям’і — па тры-пяць дзяцей. Вось і атрымлівалася, што на кожнай паралелі было па два класы.
Зачынілі ў 2002-м
Міхаіл Міхайлавіч вярнуўся ў родную школу ў 1972 годзе. І пасля 30 год адпрацаваў настаўнікам. Выкладаў геаграфію і працоўнае навучанне для хлопчыкаў.
— Так і настаўнічаў да 2002 года, да самога закрыцця школы, — гаворыць ён. — На той мрмант ва ўсіх класах засталося толькі 29 чалавек.
Школу зачынілі, яе вучняў перавялі ў Пескі. Такі ж лёс напаткаў і некалькіх навучальных устаноў на тэрыторыі сельсавета.
Захавалі і адрамантавалі
— Калі зачынілі школу, я непакоіўся, што пройдзе некалькі гадоў, і будынак будзе занядбаны, яго расцягнуць на будматэрыялы, — прызнавецца Міхаіл Груца.
Аднак, па яго словах, знайшлася ў вёсцы жанчына, што жыла побач са школай. Яна і прыглядала за будынкам, каб ніхто яго не псаваў.
А потым будынак было школы аддалі грамадскай арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых” (YMCA Беларусь). З тае пары пачалі займацца рамонтам, ладзіць летнікі.
Больш за 100 гадоў таму
— Вось гэтую частку школы пабудавалі яшчэ ў 1913 годзе, — праводзіць эксурсію Міхаіл Груца. — Былі два класы і памяшканне, дзе жыў настаўнік. Для вучняў быў адкрыты ўваход з вуліцы. Іх настаўнік заходзіў у свой пакой з адваротнага боку — з двара.
Пазней школы дабудоўвалі ў два этапы. Падчас апошняга адкрылі сталоўку і інтэрнат для часовага пражывання вучняў. Гэта было ў 70-я гады мінулага стагоддзя. Менавіта гэтую частку апошнім часам актыўна рамантуюць валанцёры YMCA Беларусь.
Жывы напамін аб салідным “узросце” школы — вялікія дрэвы, які дагэтуль ўпрыгожваць край школьнага двара на беразе Нёмана. Жыхары Панямонцаў расказваюць, што гэтыя дрэвы пасадзілі вучні школы. І было гэта вельмі даўно – каля 90 гадоў таму.
Сакрэт прыцягнення
— Цяпер ў Панямонцах жывуць толькі 7 хлопчыкаў і 23 дзяўчынкі, — расказвае Міхаіл Груца і ўсміхаецца. — Усе яны — прыкладна майго ўзросту, пенсіянеры.
Праўда, ёсць яшчэ і дачнікі. Месца прыгожае, правабнае. Таму прыезджыя аднаўляюць старыя дамы ці будуюць новыя.
Акрамя таго, рэгулярна прыязджаюць валанцёры ў былую школу, на базе якой развіваюць Моладзевы цэнтр. Такім чынам, Панямонская школа атрымала другое жыццё.
Руслан Ананьеў