“Ахвяра” выхаваўчых эксперыментаў Вольга Крусь адмовілася ад мар стаць археолагам ці жонкай амерыканца і занялася народнай педагогікай. Яна навучылася ладзіць вялікія фестывалі і хоча стварыць у Берасці прыватны дзіцячы садок.
На кабрыялеце шукаць Трою
— “Богі. Грабніцы. Навукоўцы” – так называлася кніга, якая стаяла на паліцы сярод мноства іншых, якія былі ў маіх бацькоў, — узгадвае Вольга. — Аўтар у прывабнай, захапляльнай форме распавядаў пра Трою, гісторыю іншых найбольш значных археалагічных адкрыццяў. Таму, напэўна, я і вырашыла стаць археолагам. Корпацца ў зямлі, знаходзіць золата ды іншыя артэфакты старажытных цывілізацый — гэта падавалася такім крутым і рамантычным заняткам!
Яшчэ калісьці стрэльнула ў галаву, што я абавязкова павінна ажаніцца з амерыканцам. Ідэя была хоць і дзікаватая, але лагічная. На той час маім ідэалам паспяховай жанчыны была прывабная асоба ў чырвоным кабрыялеце з цыгаркай у доўгім мундштуку і ў доўгай белай шалі.
Адкуль узнік такі стэрэатып, я не ведаю. Магчыма, з кіно. Я лічыла, што менавіта так можа ў Беларусі выглядаць толькі тая жанчына, якая ўзяла шлюб з амерыканцам. Калі я прыязджала ў веску да бабулі, у мяне пыталі, кім я хачу стаць. Я ўпэўнена адказвала: «Жонкай амерыканца». Тады мне было няшмат гадоў — тры ці чатыры.
Жахлівыя плакаты, але без папсовых дыскатэк
— Мае бацькі па адукацыі — педагогі. Тата выкладае філасофію, ён кандыдат навук. А маці — фізіку, займае пасаду загадчыка дырэктара сярэдняй школы, — гаворыць Вольга. — Таму ў мяне былі ўсе шанцы стаць “ахвярай” іх педагогікі. Так і адбылося. Але гэта была добрая навука.
У гэтай сферы яны прытрымліваліся ліберальных поглядаў. Нічога мне жостка не забаранялі, не перайначвалі мяне. Мучыліся самі, але давалі мне свабоду. Напрыклад, яны мірыліся з тым, што я пэўны перыяд слухала музыку, якая ім зусім не падабалася. Яны мужна перанеслі і маё жаданне заклеіць сцены ў пакоі нейкімі жахлівымі тварамі — Мэрыліна Мэнсана ды іншых.
І цяпер я лічу, што яны рабілі абсалютна правільна. Адзінае, што мне не дазвалялі, — гэта позна швэндацца па вуліцы ды наведваць папсовыя дыскатэкі. Я тады, канешне, вельмі крыўдзілася на бацькоў: усе дзяўчаты хадзілі танчыць.
Але цяпер, калі я пасталела, разумею, што тая забарона была правільна. Дзякуючы гэтаму я не стала ахвярай папсы.
Ад тэорыі — да практыкі
— Удзел у такім выхаваўчым эксперыменце ў значнай ступені паўплываў на тое, што я пачала развіваць праект “Бацькі.by, — распавядае яна. — Мяне цікавіла, як традыцыі народнай педагогікі, выхавання передаюцца ад пакалення — пакаленню.
Пачалося ўсе з тэарэтычнага даследвання. Я пісала магістарскую працу па народнай педагогіцы. У ёй разбіралася, якім чынам сёння народная педагогіка выкарыстоўваецца пры выкладанні ў школах, ВНУ. І я прыйшла да высновы, што выкарыстоўваецца вельмі мала. Хаця прынцыпы беларускай народнай педагогікі ў значнай ступені сугучныя з асноўнымі ідэямі класікаў айчыннай і замежнай педагагічнай навукі. Чамусьці сучасныя беларусы гучным імёнам і назвам вераць больш, чым народнаму досведу, назапашанаму за сотні гадоў.
Калі абараніла дысертацыю, вырашыла скарыстаць навуковы матэрыял на практыцы. Месяцы тры хадзіла, разыважала, якім чынам гэта можна зрабіць. Дагэуль удзельнічала ў трэнінгах YМСА. І вырашыла праводзіць семінары, трэнінгі па сямейнай педагогіцы.
Краіна пачынаецца з сям’і
— Распрацавала сістэму заняткаў па сямейнай педагогіцы ва ўніверсітэце. Першапачаткова такія сустрэчы планавала праводзіць раз на тыдзень ці раз у два тыдні, — працягвае Вольга.
Было некалькі блокаў. Першы з іх прысвечаны ўяўленню сабе як асобы. Немагчыма выхаваць любоў да радзімы, патрыятызм, пакуль ты сам не стаў моцнай асобай. Патрыятызм – праз вывучэнне роднай мовы, сямейнага дрэва.
На заняткі першапашаткова прыходзілі толькі студэнты. Потым далучыліся іншыя, хто толькі што стварыў сям’ю ці збіраўся гэта зрабіць.
Яшчэ на Бацькі.by прыходзілі берасцейскія бацькі, якія выхоўваюць сваіх дзяцей па-беларуску. Таму дадаткова ладзіла майстар-класы па рамёствах, вырабу лялькі, кераміка. Разам праводзілі народныя святы — Каляды, Гуканне вясны
Без мяне мяне ажанілі
— Вельмі хацелася разварушыць студэнтаў ды іншых людзей, каб яны сталі актыўнымі, зацікаўленымі, — прызнаецца Вольга Крусь і з задавальненнем дадае: — Часткова гэта атрымалася. Многія з тых, хто хадзіў на мае заняткі, стварылі культурніцкі цэнтр Грунтоўня ў Берасці.
Мае напрацоўкі “пайшлі ў народ”. Яны ходзяць між людзьмі незалежна ад мяне. Быў дзіўны выпадак, калі аднойчы я даведалася, што трапіла ў лік пераможцаў нейкага конкурсу, які праводзіў БРСМ. Між тым, дакументы на гэты конкурс я не адпраўляла. Як кажуць, без мяне мяне ажанілі.
Хадзіць са сцяжком можа і дурань
— Чым народная педагогіка адрозніваецца ад класічнай? Народная не мае метадалагічнага базісу. Яна не пераведзена ў метадалогію. Няма метадаў, прыёмаў. Яна хаатычная. Але вельмі карысная, — тлумачыць Вольга.
Народная педагогіка павінна быць незаўважным фонам існавання моладзі. У нас існуе белая пляма ў сферы выхавання: ў дзяцей сфарміравалася нейкае перакручанае, сапсаванае ўяўленее пра патрыязызм. Іх патрыятызм найперш звязаны з ахвярамі Вялікай Айчыннай вайны, перамогай ў ёй. У дзяцей і моладзі кругагляд абмежаваны. І ім не даюць выходзіць за гэтыя межы. Уключаеш беларускія тэлеканалы — там вайна і вайна, кажуць, што мы павінны быць патрыётамі, насіць кветкі і стужкі.
Для мяне сапраўдны патрыятызм — дапамога сваёй бабулі ў працы на гародзе. Гэта — самы класны, самы сапраўдны патрыятызм. Бо хадзіць са сцяжком можа і дурань. А прыехаць ў вёску да бабулі (калі ўжо няма сваёй, дык можна да нейкай знаёмай), паразмаўляць з ёй, запісаць народныя песні, дзіцячыя пацешкі, распытаць аб продках, схадзіць на могілкі, прыбрацца там напярэдадні Дзядоў і Радаўніцы — вось гэта патрыятызм.
Бабулін спакой
— Выхаванне патрыятызму — задача майго праекту Бацькі.by. А задача народнай педагогікі — перадача досведу папярэдніх пакаленняў іх нашчадкам, — удакладняе Вольга.
Асаблівасць народнай педагогікі — у выхаванні дзяцей вялікую ролю адыгрываюць іх бабулі і дзядулі. Заўважана, што такія дзеці вырастаюць больш спакойнымі, чым тыя, што прызвычаіліся заўсёды быць побач з маці альбо татам. Бабулі і дзядулі вырасцілі дзяцей. Таму добра ведаюць, як выхоўваць унукаў. Яны найчасцей робяць гэта бз істэрыкі, больш спакойна, чым іх дзеці.
Яшчэ адна адметнасць народнай педагогікі — выхаванне ў грамадзе, у вялікай сям’і. А ў вялікай сям’і ў выхаванні малодшых дзяцей часта ўдзельнічаюць іх дарослыя браты і сёстры
Акрамя таго ў традыцыях народнай педагогікі — цесная повязь з зямлёй. На вёсцы раней часцяком хадзілі басанож. І гэта ўзмацняла імунітэт дзіцяці. У горадзе басанож па брудным асфальце цяпер не паходзіш…
Дайце дзіцяці ножык
— Немагчыма ўсе традыцыі народнай педагогікі перанесці ў сучаснае жыццё. І не трэба, — пагаджаецца яна.
Наўрад ці трэба выкарыстоўваць забабоны народнай педагогікі.
Але ёсць і вельмі карыснае. Напрыклад, асабісты прыклад — прынцып народнай педагогікі. Матуля чысціць бульбу — і маленькае дзіцё побач робіць тое ж. У Заходнім Палессі дзяцей прывучалі карыстацца ножыкам з трохгадовага ўзросту.
У той жа частцы Беларусі, калі нараджалася дзіця, яго бацька садзіў дрэва. І гэта – не толькі абярэг, але і аб’ект клопату, які вучыць адказнасці. Хлопчык ці дзяўчына расце разам з дрэвам, даглядае яго і тым самым выхоўваецца.
Можна пасадзіць дрэва і цяпер ў горадзе побач са сваім шматпавярховым домам. Ці далучыцца да якой-небудзь экалангічнай ініцыятыввы. Эколага рэгулярна саджаюць дрэвы.
Касіць траву — гэта крута!
— Нельга пад уціскам укараняць народную педагогіку, — пераканана Вольга. — Трэба патроху распавядаць, прыводзіць прыклады з жыцця, задаваць шмат пытанняў.
Я імкнуся змяняць стаўленне маладых людзей да іх сувязі з дзедам ці бабуляй. Напрыклад, я пытаюся: хто ўмее касіць. Звычайна гарадскія людзі, калі і навучыліся ў вёсцы што-небудзь рабіць, дык саромеюцца ў гэтым прызнацца. Я ж імкнуся да таго, калі людзі ўспрымалі такі досвед, атрыманы па сямейнай лініі ў спадчыну, як нейкую перавагу, карысны досвед.
Пазбягайце цемрашальцаў і рабіце фота
— Трэба вучыцца ў старых разумных людзей. Падкрэсліваю — у разумных, — звяртае ўвагу Вольга. — Бо сярод людзей сталага ўзросту ёсць нямала цемрашальцаў. Такія не прыносяць карысці, а толькі тлумяць моладзі галаву, выкрадаюць у іх час.
Канешне, калі ў вас родныя дзяд ці бабуля такія цемрашальцы, да іх трэба ставіцца з павагай, размаўляць з імі. Але вучыцца трэба ў разумных людзей, можна і ў суседзяў.
Цяпер ў нас ёсць шмат такіх дасягненняў, ў тым ліку і матэрыяльных, тэхнічных, якіх не было ў нашых продкаў. Таму не варта ўспрымаць іх досвед як нейкую панацэю.
Тым не менш, вельмі важна вывучаць народныя рамёствы. Калі няма магчысмасці самому імі займацца, можна зафіксаваць найбольш важныя этапы на фота і відэа. Гэта таксама вельмі карысна.
Спявайце па-беларуску
— Штосьці з народнай педагогікі выкарыстоўвала і майго маленькага сына Адама, — дзеліцца Вольга ўласным досведам.
Спявала калыханкі, іншыя беларускія песні. Калі іду с Адамам гуляць, апісваю ўсё, што бачу навокал. Гэта дапамагае яму знаёміцца з вялікім навакольным светам.
Я гойдала Адама на руках да яго пяціцімесячнага ўзросту. Адмовілася толькі тады, калі ён стаў для мяне вельмі цяжкім, калі ў мяне з-за гэтага біцэпсы пачалі расці…
Важнае значэнне мае і кармленне матчыным малаком. Важна не ленавацца, імкнуцца да гэтага, працаваць над сабой.
Большасць нашых родных і сябоў размаўляюць на рускай мове. Таму і з Адамам я пераважна размаўляла па-руску. Але казкі, калыханкі, супакоўванне — толькі па-беларуску. Я чытала і спявала яму яшчэ тады, калі ён не нарадзіўся, быў ў жываце.
З “Купалінкай” і двухдзённым фестывалем ў Панямонцах
— Дзякуючы YМСА Брэст я спазнала шмат цікавага, атрымала карысны досвед, — лічыць Вольга. — Але і я сама прынесла шмат.
Напрыклад, я дамаглася ў кантактах з замежнымі партнёрамі павысіць узровень прэзентацыі Беларусі за мяжой. Каб ведалі не толькі “Купалінку” і тое па першым радку. Акрамя таго, развівала сувязі з іншымі грамадскімі арганізацыямі ў Берасці. І мы маглі бескаштоўна карыстацца пляцоўкамі ў горадзе — выключна на сяброўскіх, асабістых сувязях.
Я ганаруся і фестывалем “Разам”. Ён праходзіў у вёсцы Панямонцы Лідскага раёна ўлетку 2015 года. Я была асноўным арганізатарам. Была цяжарная, але сядзела днямі і начамі. Амаль што з нулявым фінансаваннем мы зрабілі яркае двухдзённае свята.
Адамава навука
— Як працягнуць грамадскую актыўнасць пасля нараджэння дзяцей? Для мяне гэта пытанне таксама вельмі актуальнае, — прызнаецца Вольга Крусь.
Першыя паўгады пасля нараджэння Адама я нічога не рабіла. Але потым патроху пачала ўцягвацца. Найперш дыстанцыйна, праз інтэнэт. Напрыклад, дапамагала збіраць каманду беларусаў для выступлення на свяце Купалля ў Швейцарыі.
Магу кансультаваць і па іншых пытаннях, піярыць лакальнае аддзяленне YМСА Брэст і нацыянальную арганізацыю.
Акрамя таго, хачу, калі атрымаецца, адкрыць у Берасці прыватны дзіцячы садок ці нейкі выхаваўча-адукацыйны клуб. У ім я магла б карыстацца метадамі народнай педагогікі, вучыць дзяцей актыўнасці, самастойнасці і адказнасці за свае ўчынкі.
Такі садок патрэбны майму Адаму. У садок-гурток маглі б прыходзіць са сваімі дзецьмі іншыя ўдзельнікі YМСА Брэст. У нас цяпер каля дзесяці малых дзяцей.
Руслан Ананьеў