За 15 гадоў дзейнасці ў Беларусі грамадскай арганізацыі «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых» (YMCA Беларусь) стымул да цікавага і актыўнага жыцця атрымалі тысячы чалавек. У чым сакрэт прывабнасці такога стылю жыцця?
Паверыць у сябе
— Гэта складана растлумачыць словамі. Але я адчула гэта сама, – распавядае старшыня Нацыянальнага Савета ГА «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых» Крысціна Мірсалімава. — Напэўна, самае галоўнае ў нашай арганізацыі – тое, што кожны можа прыняць сябе такім, якім ён ёсць, з усімі талентамі і недахопамі, паверыць у сябе і атрымаць стымул для руху наперад.
Асаблівасць арганізацыі заключаецца і ў тым, што ў нас няма бар’ераў, вузкага профілю дзейнасці. Ёсць толькі агульначалавечыя, агульнахрысціянскія прынцыпы, якіх мы прытрымліваемся. А ўсё астатняе — поўная свабода творчасці.
Акрамя таго ёсць нейкі асаблівы дух YMCA, які перадаецца ад аднаго пакалення маладых валанцёраў і лідэраў – іншаму. Гэта дух падтрымкі, адзінства, адкрытасці, пазітыву і крэатыву.
У 7 рэгіёнах Беларусі
— Сёння ў нашу нацыянальную арганізацыю ўваходзяць сем лакальных аддзяленняў: у Лідзе, Бабруйску, Валожыне, Віцебску, Брэсце, Маладзечне і Мінску. У кожным – некалькі напрамкаў дзейнасці. У многіх ёсць скаўтынг (вандройкі, намёты, вогнішчы, арыентаванне на мясцовасці), тэнсінг (тэатр, танец, спевы), цэнтры роўнага навучання (адукацыйныя мерапрыемствы для моладзі і школьнікаў па прынцыпе «роўны навучае роўнага»).
У пэўным горадзе найлепш развіты адзін напрамак, у іншым – штосьці яшчэ. Напрыклад, у Віцебску актыўна рэалізуюць праграмы папулярызацыі здаровага ладу жыцця, у Валожыне займаюцца тэнсінгам, Маладзечне — скаўтынгам. У Мінску моцная школа англійскай мовы, у Брэсце надаюць шмат увагі вывучэнню гісторыі і культуры Беларусі.
Пераадольваць межы
— Дзякуючы дзейнасці нацыянальнай арганізацыі мы можам збіраць маладых людзей з розных гарадоў, абменьвацца досведам, планаваць сумесныя мерапрыемствы.
Акрамя таго, нацыянальная арганізацыя звязвае лакальныя з міжнароднай структурай – YMCA, якая была заснавана больш за 170 гадоў таму і сёння аб’ядноўвае амаль 50 мільёнаў чалавек у 130 краінах. Таму часта нашу арганізацыю мы называем не «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых», а прасцей – YMCA Беларусь.
Удзел у такой міжнароднай сетцыі дазваляе нашым маладым валанцёрам і лідэрам з усіх лакальных аддзяленняў рэгулярна ўдзельнічаць у замежных летніках, семінарах, трэнінгах. Гэта дапамагае набываць новы каштоўны досвед, пашыраць свае межы, развівацца.
Прыходзь і вучыся
— Кожная моцная грамадская арганізацыя трымаецца на энтузіязме людзей, іх жаданні сустракацца, дзяліцца сваім досведам і вучыцца адзін у аднаго. Вось і я ва YMCA Беларусь вельмі шмат чаму навучылася.
Магу, напрыклад, сказаць, што я па адукацыі – педагог. І прыкладна 95% досведу набыла менавіта ў грамадскай арганізацыі. Арганізацыя і правядзенне трэнінгаў і семінараў далі мне нашмат больш, чым вучоба ва ўніверсітэце. Да таго ж я была лідэрам YMCA Віцебск, цяпер – старшыня Нацыянальнага савета YMCA Беларусь. Такія пазіцыі вымагаюць аддаваць шмат сіл і часу. Але дзякуючы выкананню адказнай працы я атрымала досвед мэнэджара, зусім па-іншаму паглядзела на звыклыя рэчы.
Гэта тычыцца таксама іншых людзей. Калі ты па складзе розуму гуманітарый, можаш падчас семінараў навучыцца лагічна і лаканічна выкладаць свае думкі, упэўнена трымацца перад аўдыторыяй. Калі хочацца спяваць, але не бяруць у вакальную студыю, – можаш прыходзіць у наш тэнсінг. У ім не ладзяць кастынгаў і не спрабуюць падрыхтаваць суперпрафесіяналаў, а проста развіваюць творчыя здольнасці людзей, вучаць танчыць і спяваць у сваё задавальненне. Цікава табе хадзіць у падарожжы, распальваць вогнішчы, начаваць у намёце – прыходзь да скаўтаў. Яны падкажуць, як дзейнічаць у лесе, калі заблукаў, куды трэба рухацца, каб дабрацца да кропкі прызначэння.
Рэтрансляваць традыцыі
— Дзякуючы цікавым напрамках дзейнасці і асабліваму духу адкрытасці і пазітыву да нас працягваюць прыходзіць маладыя людзі. І гэта вельмі радуе.
У апошні час мы асабліва шмат увагі надаем развіццю моладзевага цэнтра ў вёсцы Панямонцы Лідскага раёна. Ён размешчаны ў маляўнічым месцы, на самым беразе Нёмана. Мы хочам стварыць там пляцоўку для правядзення розных праграм YMCA. Гэты цэнтр можа стаць яшчэ адным месцам, дзе прадстаўнікі з розных лакальных арганізацый змогуць праводзіць сустрэчы, летнікі, трэнінгі і семінары.
Я ўпэўнена, што ў далейшым трэба праводзіць адукацыйныя мерапрыемствы. На іх адукоўваць маладых хлопцаў і дзяўчынак, якія ў далейшым могуць стаць сапраўднымі лідэрамі сваіх лакальных арганізацый. Трэба захоўваць лепшыя напрацоўкі, рэтрансляваць і развіваць лепшыя традыцыі YMCA Беларусь.
Руслан Ананьеў