Вольга Крусь: Фестываль у Панямонцах — захапляльны эксперымент

Источник статьи — http://ymcaminsk.by/
Olga KrusМузычна-тэатральна-адукацыйны фестываль «Разам», які 31 ліпеня—1 жніўня пройдзе на беразе Нёмана, для ўсіх яго ўдзельнікаў стане захапляльным эксперыментам. Па словах каардынатара праекту Вольгі Крусь, першапачатковая ідэя адсвяткаваць 15-годдзе YMCA Беларусь перарасла ў нешта больш цікавае і па-філасофску глыбокае.

Опэн-эйр на беразе Нёмана

— Наш фестываль будзе незвычайным па многіх прычынах, — гаворыць Вольга Крусь. — Ён пройдзе на беразе Нёмана. Гэта рака аб’ядноўвае ўсіх беларусаў, лучыць нас з продкамі. А яшчэ дорыць свежасць у гарачае лета.

Падчас фестывалю будзе шмат цікавых майстар-класаў. На іх можна навучыцца танчыць беларускія народныя танцы, заняцца йогай і зумбай, паўдзельнічаць у мульціканфесійнай міні-канферэнцыі і ўсходняй гарбатнай цырымоніі. Мы падрыхтавалі і шмат іншых сюрпрызаў.

Не буду загадзя раскрываць усе сакрэты. Але хачу падзяліцца радасцю: на фестывалі выступяць удзельнікі аднаго з маіх любімых тэатральных праектаў — » Напротив».

Асабліва шмат эксперыментаў будзе ў першы дзень фестывалю. Сцэну мы аддадзім камандам тэнсінгу з розных рэгіянальных суполак YMCA Беларусі, а таксама замежным гасцям. Гэта будзе сапраўдны опэн-эйр са спевамі, танцамі, тэатральнымі пастаноўкамі, «вольным мікрафонам» і хвалямі шчырых пачуццяў і пазітыву.

Насычаным яскравымі падзеямі будзе і другі дзень. Падчас яго пазітыўную хвалю падхопяць прафесійныя музыкі. На сцэну выйдуць, у прыватнасці, гурты “Януш і ВаряЯ” (Брэст), Jolly Green (Мінск). Мы загадзя дамовіліся, што са сцэны будуць гучаць пераважна рок-кампазіцыі. Але без сацыяльных і палітычных выклікаў. Толькі лірыка, толькі пазітыўныя хвалі.

Для сяброў ды іншых добрых людзей

— Першапачаткова ўзнікла ідэя неяк асабліва святочна адзначыць юбілей YMCA Беларусь (афіцыйная назва грамадскай арганізацыі — «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых»). Сёлета спаўняецца 15 гадоў з дня рэгістрацыі агульнанацыянальнага аб’яднання і 20-годдзе з пачатку дзейнасці першай беларускай лакальнай суполкі.

Скаўтынг, тэнсінг, школы англійскай мовы, маладых лідэраў, здаровага ладу жыцця — гэтыя ды іншыя кірункі на працягу 20 гадоў вабілі многіх маладых людзей, дапамагалі ім пашырыць кола сяброў, рэалізаваць свае таленты. Беларускія валанцёры і лідэры пасябравалі з замежнымі ўдзельнікамі міжнароднага аб’яднання YMCA. Таму і наша арганізацыю сталі неафіцыйна называць YMCA Беларусь.

Мы кажам, што на фестываль «Разам» запрашаем удзельнікаў YMCA Беларусь і іх сяброў. А гэта значыць, што па колу сваіх удзельнікаў ён выходзіць за межы адной арганізацыі. І гэта адпавядае ідэі еднасці, якой будзе прасякнуты наш фестываль.

«Нефармат» адгукнуўся ў сэрцах

— Фестываль «Разам» — некамерцыйны праект. З аднаго боку, гэта развязвала нам рукі. Мы былі вольныя рабіць тое, што нам цікава, а не прытрымлівацца пэўнага фармату і не ісці ўслед за патрабаваннямі публікі.

Але, з іншага боку, трэба было дзейнічаць крэатыўна, вырашаць арганізацыйныя пытанні, не маючы меху грошай.

Прызнаюся, што гэта было больш складана, чым я меркавала першапачаткова. Апошнія два месяцы напярэдадні фестывалю ў некаторыя дні я тэлефанавала ці адказвала па сорак разоў. За месяц за размовы па мабільніку плаціла па паўмільена рублеў. Канешне, вельмі стамлялася. А на выходных мусіла папросту адключаць тэлефона, каб хоць трошкі пабыць з роднымі.

Нягледзячы на шмат складанасцей, многія творчыя людзі адгукнуліся на ініцыятыву, пагадзіліся ўдзельнічаць без ганарараў, а проста так, паваланцёрыць. І я бязмежна ўдзячная ім за гэта. Вялікі дзякуй хачу сказаць і камандзе валанцёраў, якія распрацоўвалі лагатып фестывалю, стваралі сайт, дапамагалі разбірацца з транспартам, музычным абсталяваннем, вырашаць іншыя важныя задачы.

І такая падтрымка, цікавасць да фестывалю — сведчанне таго, што яго філасофскія ідэі знаходзяць водгук у сэрцах многіх людзей. Значыць, такі фестываль сапраўды патрэбны.

Эпіцэнтр новых ідэй

— Я ўпэўнена, што фестываль прынясе вялікую карысць многім людзям, стане эпіцэнтрам новых ідэй.

Дзякуючы гэтаму фэсту прадстаўнікі розных лакальных суполак YMCA Беларусь змогуць лепш пазнаёміцца, дамовіцца аб далейшых сустрэчах, сумесных мерапрыемствах.

Яшчэ больш людзей даведаюцца аб цікавых кірунках дзейнасці YMCA Беларусь, змогуць знайсці аднадумцаў і разам з імі рэалізаваць свае крэатыўыя ідэі. Удзельнікамі такой творчай прасторы стануць не толькі жыхары Беларусі, але і госці з іншых краін. Да нас на фестываль завітаюць сябры з Швейцарыі, Германіі, Італіі, Грузіі, Расіі, Украіны.

Акрамя таго, падрыхтоўка да фестывалю — гэта надзвычай ці
кавы і карысны досвед. Кожны з нашай каманды валанцёраў змог рэалізаваць сябе, прыдбаць новыя веды. Напрыклад, я сама навучылася лепш кантактаваць з людзьмі, эфектыўна выкарыстоўваць свой час. І калі мне прапанавалі б арганізаваць камерцыйны фестываль, я, напэўна, справілася б з такой задачай.

З тым месцам Гарадзеншчыны, дзе пройдзе наш фестываль, мяне лучаць нябачныя сувязі. Непадалек ад Панямонцаў, на іншым беразе Нёмана знаходзіцца веска Хвіневічы, дзе калісьці жылі мае продкі з боку маці. Я прынамсі раз на год прыязджаю на іх могілкі. Гэта — вытокі маёй беларускасці, тое, што знітоўвае мінулае з сучаснасцю. Спадзяюся, што наш фестываль дапаможа многім людзям таксама адчуць сваю еднасць са спадчынай продкаў, далучанасць да багатай нацыянальнай і канфесійнай палітры сучаснай Беларусі.

Хочацца, каб фестываль «Разам» спарадзіў новы этап развіцця цэнтра YMCA Беларусь, адкрытага на базе былой Панямонскай школы. У гэтым месцы можна праводзіць семінары, канферэнцыі, летнікі, фестывалі, развіваць творчы патэнцыял маладых жыхароў Беларусі.

Руслан Ананьеў http://ymcaminsk.by/

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.