Летнік у Панямонцах: школа працы і адпачынку

Понемонцы 2014. Усе разам!Нацыянальны скауцка-валанцёрскі летнік “Панямонцы-2014” прайшоў напрыканцы ліпеня ў Лідскім раёне на беразе Нёмана. Каля 40 яго удзельнікаў навялі чысціню ў будынку былой вясковай школы і на прылеглай тэрыторыі, а таксама весела адпачылі.

Летнік зладзілі на базе аднапавярховага вялікага будынка былой вясковай школы. Грамадская арганізацыя “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых” (ГА “ХСДМ”) атрымала  гэтую пабудову ў карыстанне некалькі гадоў таму. Час ад часу ў Панямонцах ладзілі сустрэчы. Але маштабны нацыянальны летнік тут правялі ўпершыню. Яго ўдзельнікамі сталі прадскаўнікі лакальных арганізацый з Ліды, Маладзечна, Віцебску, Бабруйску, Мінску, а таксама госці са Швейцарыі.

— Я ў Панямонцах сёлета пабываў упершыню, — дзеліцца ўражаннямі скаут-лідэр з Маладзечна Дзмітрый Ваховіч. – Раней неяк не атрымлівалася. А Панямонцы насамрэч вельмі прывабнае месца – прыгожая прырода на беразе Нёмана.

Па яго словах, валанцёры ў летніку працавалі з ахвотай. Пакуль хлопцы касілі траву і рубілі кусты, дзяўчаты мылі вокны, падлогу і сцены былой школы. А пасля напружанай працы плавалі ў рэчцы ці ладзілі вясёлыя вечарыны.

— Панямонцы – гэта фантастыка! – пагаджаецца лідэр Віцебскай лагальнай арганізацыі Яўгенія Пачэпка. – Я прыехала ўпершыню. Бачыла былую школу на фота, але яна насамрэч большая па памерах, чым я меркавала.

На яе думку, у далейшым Панямонцы могуць стаць папулярным месцам для правядзення не толькі летнікаў, але і адукацыйных трэнінгаў, партнёвскіх праграм. Калі прыкласі намаганні, можна арганізаваць і маладзёжны цэнтр, у якім здолеюць з карысцю бавіць час не толькі маладыя людзі, але і іх дзеці.

—  Гэты летнік мы прысвяцілі Дзісе (Дзянісу Ананьеву) – лідскаму скауту і сябру Нацыянальнай рады ГА “ХСДМ”. За сваё кароткае жыццё ён паспеў зрабіць шмат карыснага, у тым ліку актыўна ўдзельнічаў у аднаўленні панямонскай былой школы, — паведаміў кіраўнік летніка Віталь Млечка.

Фармат панямонскага летніку, які прайшоў пад дэвізам “Усе разам!” спадабаўся і беларусам, і швейцарцам. У іх нарадзілася жаданне заняцца больш грунтоўным рамонтам былой школы.

Таму, мяркуе Віталь, у наступным годзе працягласць правядзення скауцка-валанцёрскага мерапрыемства можа павялічыцца з сёлетняга тыдня да 10-12 дзён. Можа пашырыцца і кола ўдзельнікаў: ў вялізным будынку могуць адначасова размясціцца, па прыкладных падліках, да 60 чалавек. Акрамя гэтага ёсць і вялізная пляцоўка для ўстаноўкі палатак.

Таму самыя актыўныя могуць ужо пачынаць рыхтавацца да “Панямонцаў -2015”.

Руслан Ананьеў

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

*

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.