Як у лесе без тытуню і алкаголю адшукаць адрэналін?
Некалькі разоў на год маладыя людзі з розных куткоў Беларусі ператвараюцца ў лясных абарыгенаў. На гэты раз хлопцы і дзяўчаты з Ліды, Маладзечна і Віцебска на некалькі дзён і начэй “прапісаліся” ля Купалаўскай Вязынкі.
Турыстычная “прапіска”
– Злёт імя Джана Курчэўскага прайшоў сёлета напрыканцы траўня, – расказвае скаўт “са стажам” Дзяніс Ананьеў. – Разам сабраліся каля трыццаці чалавек.
Летнік з намётамі вырас у пятніцу і прастаяў да сярэдзіны нядзелі. За гэты час удзельнікі паспелі некалькі разоў прыгатаваць і разам паспытаць смачных лясных страваў, прыгатаваных над вогнішчам, па некалькі разоў спець пад гітару безліч паходных песень. І, канешне ж, былі спартыўныя гульні, турыстычныя спаборніцтвы, сустрэчы, знаёмствы, абдымкі і тысячы сонечных усмешак.
У свой час Джан Курчэўскі ў Асіповічах стварыў адзін з самых шматлюдных у Беларусі скаўцкіх атрадаў, ці па-скаўцку – патруль. Цяпер жа, калі ён пайшоў з жыцця, злёт, прысвечаны яму, збірае актыўных маладых людзей новай генерацыі.
Вязынскі злёт ладзілі дружыны некалькіх гарадоў Беларусі, але асноўную ролю адыгралі прадстаўнікі Маладзечна.
— Сёлета споўнілася дзесяць гадоў, як пайшоў з жыцця Джан Курчэўскі, — адзначае лідар маладзечанскіх скаутаў Віталь Млечка. – Але яго намаганні па развіццю скаутынгу ў нашай краіне былі не дарэмнымі.
Па словах Віталя, тое, што моладзь з розных гарадоў Беларусі штогод збіраецца, каб аддаць даніну памяці гэтаму чалавеку, гэта ўжо можна лічыць немалым дасягненнем. Скаўцкія ідэі становяцца блізкімі ўсё новым і новым людзям. Застаюцца ім адданымі і многія людзі з лясным “стажам”.
– Не магу дакладна сказаць, чым мяне вабіць скаўцкае жыццё, навошта я імкнуся ў лес, – прызнаецца Дзяніс. – Напэўна, хочацца зноў і зноў патанaць у незвычайнай атмасферы актыўнасці, радасці і шчырасці. І ўсё гэта – без тытуню і алкаголю, якія падчас скаўцкіх сустрэч – пад забаронай.
Быць адказным і ўсміхацца
– Я не застала той час, калі былі савецкія піянеры, але мне здаецца, што скаўты – зусім іншыя, – гаворыць віцяблянка Крысціна Мірсалімава, якая была сярод удзельнікаў вязынскага злёту.
Па яе словах, піянеры былі ў чырвоных гальштуках, усе аднолькавыя, без адметнасці, без індывідуальнасці.
– Сярод скаўтаў шмат цікавых людзей, – тлумачыць яна. – Кожная сустрэча сапраўдных скаўтаў – гэта шмат актыўнасці, яркіх эмоцый, палёт думак.
Каб стаць скаўтам, трэба прайсці выпрабаванні, здаць экзамены па экалогіі, турыстычным арыентаванні, гісторыі Беларусі, асновах першай медыцынскай дапамогі і іншых спецыяльных “навуках”. Але самае галоўнае – быць ветлівым і адказным за свае ўчынкі, уважлівым да іншых і жыццярадасным. “Скаўт павінен усміхацца” – прыкладна так і напісана ў скаўцкім кодэксе гонару. Уявіце, ці магло тое самае быць у піянерскім статуце савецкага часу?
Вярнуць “нармальны” адпачынак
– Скаўтынг – гэта лад жыцця, – гаворыць Крысціна Мірсалімава, настаўніца па прафесіі. – Падчас лясных злётаў і шматдзённых летнікаў людзі вучацца быць адкрытымі, паважлівымі да іншых, крэатыўнымі. Гэта асабліва важна для падеткаў. Падчас групавых спаборніцтваў, гульняў, праходжання турыстычных палосаў перашкод гартуецца характар, сіла волі, людзі вучацца быць адказнымі за сябе і сваіх бліжніх.
З цягам часу людзі сталеюць, шмат часу аддаюць працы, сям’і. Таму многія мусяць развітацца з актыўным скауцкім жыццём. Але ўнутры душы скаўцкія ідэалы працягваюць уплываць на паўсядзённыя паводзіны.
Сваімі злётамі і летнікамі скаўты аднаўляюць прадстаўленні аб “нармальным” адпачынку на прыродзе. Раз за разам яны пераконваюць у тым, што нават без стандартных “алкаголю і шашлыкоў” у лесе можна весела і цікава бавіць час.
Свой куфар добрага настрою павёз дадому кожны ўдзельнік злёту імя Джана Курчэўскага. Яшчэ яны прыхапілі з сабою цукеркі – салодкія ўзнагароды за перамогу ў спаборніцтвах. Конкурсаў было шмат, таму, напэўна, ніхто не застаўся без прысмакаў.
– Для мяне важныя не перамогі, а сам дух узаемадзеяння падчас спаборніцтваў, – гаворыць Дзяніс Ананьеў. – Мой скаўцкі “стаж” – каля трынаццаці гадоў. Але ў лес цягне зноў і зноў. Сярод удзельнікаў нашага вязынскага злёту былі людзі ва ўзросце ад чытырнаццаці да пяцідзесяці чатырох гадоў. Таму, мяркую, у мяне наперадзе яшчэ гадоў дваццаць скауцкага жыцця, а, можа, і больш.
Іван ЛІПНІЦКІ