Па прадукты – на рынак, а ў падарунак – эмоцыі

Лайфхакамі экалагічнага і эканомнага спажывання вырашылі падзяліцца з іншымі зацікаўленнымі валанцёры YMCA Мінска. Пачалі з анлайн-заняткаў пра канцэпцыю “нуль адкідаў”. А потым разлічваюць развіваць плогінг (бег са зборам смецця) і падрыхтаваць сацыяльны відэаролік.

Пандэмія і самаізаляцыя трошкі зблыталі планы. Але каардынатарка праекта Настасся Баброўская з YMCA Мінска знайшла выйце: ладзіць заняткі ў анлайне, імкнецца напоўніць іх інтэрактывам.

– Мая матуля пачала сарціраваць бытавыя адкіды яшчэ 10 гадоў таму, – распавядае Настасся. – Я тады гэта не надта разумела, але калі пераехала ў студэнцкі інтэрнат у Мінск, пачала вучыць гэтаму іншых. Разам з сяброўкамі асобна збіралі пластык, а потым я выносіла ў спецыяльны кантэйнер у чужы двор (тады ў студэнцкім гарадку быў толькі адзін бак – «для ўсяго»).

Канчаткова ад аднаразовых рэчаў адмовілася прыкладна тры гады таму, калі пазнаёмілася з дзейнасцю Цэнтра экалагічных рашэнняў, пачала прымаць удзел у праектах. Тады ўпершыню набыла экамяшэчкі для садавіны, гародніны, арэхаў. Цяпер з такой шматразовай ўпакоўкай ходзіць за прадуктамі: набывае на вагу крупу, макароны, іншае. Ёсць спецыяльныя пакеты для печыва і хлеба. Імкнецца большасць прадуктаў набываць без завадской упакоўкі і без аднаразавых пакетаў.

– Гэта няцяжка, проста варта пачаць быць экалагічна свядомай, – сцвярджае яна. – Свядома набываць рэчы, выбіраць падарункі і існаваць гарманічна ў сусвеце. На вытворчасць мяса трэба скарыстаць шмат прыродных рэсурсаў. Таму я вырашыла стаць вегетарыянкай, замяніла мяса і рыбу на іншыя прадукты, шукаю альтэрнатывы, эксперыментую на кухні, шукаю смачныя стравы ў рэстарацыях. Вельмі люблю фасолю, зеляніну, садавіну.

– Магу параіць тры лайфхакі, якія дапамогуць кожнаму зрабіць іх паўсядўённае жыццё больш экалагічным і “безадкідным”, – распавядае Настасся. – Па-першае, паспрабуйце адмовіцца ад аднаразовых рэчаў: пакетаў, трубачак для напояў, посуду, сурвэтак, медыцынскіх масак, бахіл і гэтак далей. Набывайце харчовыя прадукты не ў завадской ўпакоўцы, а на вагу. Каву можна набываць у свой кубачак, пры гэтым атрымліваць у некаторых крамах за гэта зніжку. Асабісты посуд у час пандэміі асабліва актуальна.

Па-другое, падтрымлівайце мясцовае. Лепш набыць свежыя прадукты на рынку, чым запакаваны ў супермаркеце. Па-трэцяе, дарыце сваем родным і знаёмым на дзень нараджэння ды іншыя святы не рэчы, а эмоцыі. Напрыклад, квіток на тэатральную пастаноўку альбо сертыфікат у SPA-салон, білет на джазавы канцэрт, вандроўку на паветраным шары, фотасесію, скачок з парашутам, абанемент у танцавальную студыю ці батутны цэнтр – ідэй насамрэч вельмі шмат. Калi ж хочаце падарыць менавіта рэч, дык спытайце, што патрэба гэтаму чалавеку. У любым выпадку будзьце крэатыўнымі і смелымі. І тады людзі побач з вамі стануць больш шчаслівымі.

Руслан Ананьеў

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.