Мінск распачаў юбілейны “караван”

З майстар-класамі, віктарынай, “хуткімі свіданкамі”, невялічкім канцэртам ды смачным тортам адсвяткавалі два дні нараджэння ва YMCA Мінска ў апошні дзень зімы. Такой яркай і запамінальнай падзеяй пачалі “караван” вечарын, прысвечанных 20-годдзю YMCA Беларусі.

Гісторыя нацыянальнай арганізацыі пачалася 14 лютага 2000-га, а мінскага аддзялення – з канца лютага 2001-га. Таму і вырашылі скарыстаць такое блізкае каляндарнае “суседства”, адзначыць 20-годдзе і 19-годдзе.

– Віктарына атрымалася эмацыянальнай і “тэхналагічнай”, – распавяла член Савета YMCA Мінска і Савета YMCA Беларусі Інэса Валачко. – Каманды з дапамогай мабільнікаў у анлайне на спецыяльным сайце давалі адказы. Гульня была актыўнай, азартнай і нясумнай. Разам узгадалі некаторыя цікавыя моманты з гісторыі YMCA, а таксама непасрэдна YMCA Беларусі і Мінска.

Акрамя таго на свяце вывучалі беларускі нацыянальны арнамент, стваралі ўласныя сувеніры-абярэгі, слухалі выступленне гурта “Повидло” і знаёміліся з цікавымі людзьмі падчас “хуткіх свіданкаў”.

– Такія “свіданкі” замест запланаваных 20 хвілін расцягнуліся больш як на гадзіну, – адначае Інэсса. – Было вельмі дзіўна і цікава назіраць, як людзі забыліся на свае мабільнікі і, здаецца, былі гатовыя размаўляць бясконца. Мы стварылі асаблівую, цёплую атмасферу, якая так вабіла ў нашай арганізацыі мяне ды іншых. Свята было разлічана на чатыры гадзіны. Але мы не паспелі зрабіць усё тое, што запланавалі. Напрыклад, засталася на наступны раз вялікая гульнявая праграма, разлічаная на паўтары гадзіны.

– Мы імкнуліся зрабіць свята яшчэ і экалагічным, – звярнула ўвагу член Савета YMCA Мінска Наста Баброўская. – На вечарыне адмовіліся ад аднаразовага пластыку. Талеркі і лыжкі прынеслі з дому, скарысталі кубачкі мясцовага рэсурснага цэнтра. Кожны ўдзельнік атрымаў у падарунак экамяшочак (яго яшчэ называюць “фруктоўкай”) з яблыкам і апельсінам. Такім чынам мы хацелі паказаць, што пачаць адмаўляцца ад аднаразовых пластыкавых рэчаў – проста і рэальна.

У далейшым у Мінскім аддзяленні плануем рэалізаваць некалькі экалагічных праектаў. Сярод самых цікавых кірункаў – плогінг (збор смецця падчас спартыўных трэніровак), экалагічныя пікнікі і вандроўкі, воркшопы, інфармаванне праз сацыяльныя сеткі, прагляд фільмаў пра змену клімата ды іншыя экалагічныя праблемы. 

– За 19 гадоў гісторыі YMCA Мінска змяніліся 12 старшыняў Савета аддзялення, некалькі пакаленняў лідэраў і валанцёраў, – нагадаў цяперашні старшыня Савета Аляксандр Трушнікаў. – Сярод сучасных найбольш перспектыўных кірункаў дзейнасці – тэнсінг і “Англійскі клуб”. Пра нас ведае ўсё больш і больш людзей, мы развіваем супрацоўніцтва з адукацыйнымі і сацыяльнымі ўстановамі, дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі. У студзені прайшло стратэгічнае планаванне нашай дзейнасці на бліжэйшыя тры гады. На ім вызначылі некалькі прыярытэтаў. Сярод іх, у прыватнасці, нефармальная адукацыя, здаровы лад жыцця і экалогія.

Руслан Ананьеў
фото Руслана Ананьева і Насты Баброўскай

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.