Украінская Акадэмія з экалогіяй і ёгай

У Акадэмііі лідараў на чарнаморскім узбярэжжы паўдзельнічалі прадстаўніцы YMCA Беларусі. Яны не толькі ўзбагацілі багаж сваіх ведаў, але і самі шчодра падзяліліся досведам у сферах экалогіі, тайм-мэнеджменту, іншых.

У Коблеве, што непадалёку ад Адэсы, сабраліся маладыя ўкраінцы з розных рэгіёнаў краіны. Да іх далучыліся прадстаўніцы YMCA Беларусі: Анастасія Баброўская з Мінска і Станіслава Цярэнцьева з Віцебска.

— Акадэмія лідараў — гэта вельмі цікавы і насычаны праект для маладых украінцаў. У праграме было шмат блокаў, якія датычыліся лідарства, крэатыўнасці і магчымасцяў, што дае YMCA, – распавяла Анастасія Баброўская. — Нам пашанцавала прыняць удзел у трэнінгах, прысвечаных гісторыі YMCA, структуры арганізацыі і гэтак далей. Прадстаўнікі YMCA Украіны самі распрацавалі такія заняткі. Адукатары выкарыстоўвалі відэа, шмат фота, нефармальныя метады, таму было вельмі цікава і карысна. Думаю, YMCA Беларусь таксама можа зрабіць такое.

Анастасія правяла воркшоп па экалогіі, на якім вучыліся збіраць смецце асобна і правільна адпраўляць у адмысловыя кантэйнеры. Таксама яна правяла трэнінг па тайм-менеджменце, на ім вучыліся планаваць свой дзень і фармуляваць мэты на бліжэйшы час.

— Было вельмі шмат цікавых заняткаў, размоў і адкрыццяў, — падзялілася ўражаннямі Анастасія. – Я адкрыла для сябе цудоўную ўкраінскую мову, вельмі шчырых і добрых людзей, што жывуць не так далёка ад нас. Абавязкова паспрабую паехаць яшчэ раз, бо тая атмасфера цеплыні, шчырасці і натхнення матывуе на новыя праекты. Варта дадаць, што мора і сонца рабілі праграму яшчэ больш якаснай. З раніцы мы на працягу гадзіны займаліся ёгай. Гэта зараджала добрай энэргіяй на ўвесь дзень. Мяне запрасілі ў госці ў розныя гарады Ўкраіны, я дуже рада гэтаму, вельмі хочацца наведаць Жытомір, Луцк, Кіеў, Боярку ды іншыя гарады. А ўкраінскіх сяброў чакаю ў Беларусі!

— Для мяне гэтая паездка таксама была карыснай, — лічыць Станіслава Цярэнцьева. – Я атрымала досвед правядзення трэнінгу ў іншай краіне, пераняла метады і гульні, якія выкарыстоўвалі ўкраінскія лідары.

Беларускія ўдзельніцы распавялі пра дзейнасць YMCA Беларусі і лакальных аддзяленняў, традыцыі і культуру краіны. Акрамя таго, вывучылі спецыфіку арганізацыі адукацыйных мерапрыемстваў ва Украіне. Такое ўзамадзеянне — выдатная нагода сустракацца і надалей, рэалізоўваць супольныя беларуска-ўкраінскія праекты.

Руслан Ананьеў
Фота Анастасіі Баброўскай

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.