Першы летнік у сямейным фармаце

Першы сямейны летнік “Усе разам” прайшоў у адукацыйным цэнтры “Панямонцы” YMCA Беларусі. Бацькі разам з дзецьмі вучыліся, спявалі, займаліся спортам і шчодра дарылі адзін аднаму яркія, цёплыя эмоцыі.

У адукацыйным цэнтры, размешчаным на маляўнічым беразе Нёмана, на некалькі дзён сабраліся ўдзельнікі з розных куткоў Беларусі, а таксама госці з замежжа. Іх узрост – ад 10 месяцаў да больш за 60 гадоў. Праграму спланавалі такім чынам, каб былі асобныя заняткі для дзяцей і дарослых, а таксама агульныя для ўсіх. Акрамя таго прадугледзелі вольны час і вячэрнія сустрэчы дарослых ля вогнішча, калі можна было падзяліцца карысным бацькоўскім і жыццёвым досведам.

– У летніку былі музычная тэрапія, квэст, фаер-шоў, майстар-клас па ткацтву, заняткі ёгай, шмат гульняў ды іншае, – распавядае маці дваіх дзяцей, прадстаўніца YMCA Брэста Вольга Крусь. – Акрамя таго правялі беларускі дзень, калі да нас у госці завіталі жыхары вёскі Панямонцы. Разам з імі мы спявалі, вывучалі беларускія народныя танцы.

Летнікі для падлеткаў і моладзі рэгулярна праходзяць у адукацыйным цэнтры “Панямонцы” на працягу некалькіх гадоў. З цягам часу павялічваецца колькасць удзельнікаў, пашыраецца тэматыка, праграма становіцца больш разнастайнай. І надыйшоў той час, калі ранейшыя госці Панямонцаў пасталелі, самі сталі бацькамі і захацелі адпачываць на беразе Нёмана разам са сваімі дзецьмі. Так і нарадзілася ідэя правядзення першага сямейнага летніка.

– Сямейный летнік выдатна адпавядае канцэпцыі адукацыйнага цэнтра “Панямонцы”, – лічыць дырэктар летніка, старшыня савета YMCA  Беларусі Марыя Мядзведзева. – Маляўнічае, ціхае і ўтульнае месца спрыяе правядзенню самых разнастайных адукацыйных праграм: ад глыбокіх трэнінгаў да простых і агульнадаступных творчых майстар-класаў. Асаблівая атмасфера Панямонцаў і YMCA настройваюць на пазітыўны лад.

Удзельнікі першага сямейнага летніка, які прайшоў пры падтрымцы праекта “Актыўнае бацькоўства” (YMCA Брэста), адзначылі, што варта ладзіць такія сустрэчы і надалей. Арганізатары ўлічаць усе дасягненні і недахопы, заўвагі і пажаданні дзяцей і бацькоў, удасканаляць інфраструктуру і праграму, іншае.

– Было б карысна зрабіць гульнявую зону для самых маленькіх дзяцей, – прапануе Анастасія Навіцкая з YMCA Мінска. – А таксама ладзіць яшчэ болш сустрэч з цікавымі людзьмі, праводзіць гэтыя ды іншыя мерапрыемствы ў такім фармаце, які дазволіў бы бацькам уключацца ў працэс на любым яго этапе. Напрыклад, адыйшла ў бок, каб пакарміць і пераапрануць дзіця, і пазней можна вярнуцца на ранейшае месца. У такім фармаце, напрыклад, праходзілі майстар-класы па ткацтву і музыцы.

– Мне спадабалася ў летніку, хоць атрымалася, што амаль на тыдзень мы выбіліся са свайго звыклага рытму жыцця, – разважае Настасся Баброўская з YMCA Мінска.  – Што змянiць у наступным годзе? Неабходна аб’яднаць удзельнікаў у тры групы: дарослыя, старэйшыя дзеці і малыя, за якімі будуць глядзець спецыяльна навучаныя людзі, а не самі ўдзельнікі праграмы. Зрабіць дзіцячы рэжым, як рэкамендуюць педыятры, і рабіць усю праграму пад дзяцей. Абавязкова павінен быць “ціхі час”, калі малыя спяць. Карміць дзетак трэба абедам не а палове трэцяй, а хаця б у гадзіну дня. 

– Агулам фестываль атрымаўся на добрым узроўні. Прыемнае месца і насычаная праграма, дзе кожны мог быць і ўдзельнікам, і вядучым, – падзяліўся ўражаннямі Юры Сальнікаў з Брэста. – І вышэй усіх добрых словаў – праца лідараў YMCA. Яны былі вельмі актыўныя і адкрытыя для кантактаў, дапамагалі і словам, і справай! З прыватнага досведа магу прапанаваць замяніць планавыя мерапрыемствы, якія закладваюцца ў жорсткі рэгламент, на кропкі актыўнасцяў, дзе знаходзіліся бы майстры ці аніматары. Удзел у актыўнасці неабавязковы і на выбар прадстаўляецца некалькі актыўнасцяў адначасова (а потым яны зноў прадстаўляюцца, каб людзі маглі трапіць на ўсе).

– Хачу шчыра падзякаваць камандзе летніка і валанцёрам за тое, што плённа і крэатыўна працавалі, часам рабілі штосьці немагчымае, неверагоднае, – адзначыла Марыя Мядзведзева.

Руслан Ананьеў

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.