Бітва сямейных пірагоў

Самая мірная, сямейная і смачная бітва за ўсю тысячагадовую гісторыю горада над Бугам адбылася па ініцыятыве ўдзельнікаў і валанцёраў праекта “Актыўнае бацькоўства” YMCA Брэста. Сямейнае свята “Бітва пірагоў 2.0” здзівіла кулінарнымі і творчымі талентамі дзяцей і бацькоў, чароўнай пескаграфіяй, хімічна-фізічнымі фокусамі, “танцамі” мыльных бурбалак ды іншымі дзівосамі.

Месцам сустрэчы стала кавярня “Mario”. У ёй сабрадіся больш за дзесяць сем’яў-канкурсантаў. Але свята пачалося яшчэ раней, у розных кутках Брэста. Па ўмовах “Бітвы пірагоў” кожнай сям’і належала прыгатаваць свой салодкі кулінарны шэдэўр і зняць гэты працэс на відэа, каб было бачна, што да прыгатавання прыклалі сілы ўсе прадстаўнікі сям’і, нават маленькія дзеці.

Удзельнікі свята і валанцёры падарылі свае песні. Прадстаўнікі кожнай сям’і пры падтрымцы лідэраў праекта “Мастацтва на роўных” намалявалі свае фамільныя дрэвы і прэзентавалі іх. У адных атрымаўся вялікі дуб, у іншых – дзіцячыя “калякі-малякі” ці набор “кружачак”.

Чароўныя малюнкі, прысвечаныя маці, стварыла майсар пескаграфіі Тамара Абысава. Вясёлыя навукоўцы з шоў “Like show” разам з дзецьмі і дарослымі замарозілі кіпень, вярнулі ў прытомнасць “сабаку” і прыгатавалі ледзяны папкорн. А на свежым паветры падчас праграмы з мыльнымі бурбалкамі дзеці распачалі сапраднае паляванне на безліч бурбалак.

Па выніках народнага галасавання вызначылі найлепшыя пірагі: самы смачны, самы карысны і самы прыгожы пірог. Акрамя таго назвалі самую актыўную сям’ю. Салодкія падарункі і спецыяльныя прызы атрымала кожная сямейная каманда.

– “Бітва пірагоў” прайшла ў Брэсце ў другі раз, – адзначыла каардынатар гэтай імпрэзы Вольга Крусь. – Вельмі сімвалічна, што адбылася напярэдадні святкання 1000-годдзя Брэста і 175-годдзя YMCA – арганізацыі, якая спрыяе гарманічнаму развіццю дзяцей і дарослых, умацоўвае сямейныя каштоўнасці ў больш за 100 краінах свету, у тым ліку ў Беларусі.

Па словах Вольгі, да падрыхтоўкі свята далучылася шмат людзей. І вялікая каманда стварыла цудоўную, цёплую, радасную атмасферу, у якой было камфортна ўсім. Кожны па-сапраўднаму адчуў каштоўнасць сямейнага кола. Акрамя таго ўдзельнікі свята здзейснілі яшчэ адзін сапраўдны цуд: сабралі сродкі, які дапамогуць умацаваць здароўе Ульляны Камаровай – маленькай дзяўчынкі, якую некалькі гадоў падтрымліваюць валанцёры YMCA Брэста ды іх сябры.

“Бітва пірагоў” – жывы праект, які працягвае развівацца. Падчас падрыхтоўкі да чарговага “батла” канкурсанты вельмі ахвоча ўзяліся за справу, пачалі дзяліцца рэцэптамі сваіх салодкіх шэдэўраў.

Арганізатары вырашылі падтрымаць такую ініцыятыву. Магчыма, да трэцяй “Бітвы пірагоў” падрыхтуюць кніжку сямейных рэцэптаў. І з цягам часу яна можа папаўняцца новымі запісамі і “апетытнымі” фота.

Руслан Ананьеў
Фота Руслана Ананьева, Аляксандра Драчука і Карыны Юшчанкі  

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.