Дзіцячыя пляцоўкі, бэбі-румы і актыўнае бацькоўства

Праект па падтрымцы актыўнага бацькоўства прэзентавалі прадстаўнікі YMCA Брэста ў горадзе над Бугам. Агульнымі намаганнямі плануецца развіваць гарадскую інфраструктуру, неабходную для сем’яў з дзецьмі, адкрываць бэбі-румы і папулярызаваць грудное кармленне.

–  На прэзентацыі сацыяльнага праекта мы распавялі пра мэты, задачы, каманду і мерапрыемствы праекта, – паведаміла каардынатар Вольга Крусь. – Акрамя таго пазнаёміліся з патэнцыйнымі партнёрам, абмеркавалі варыянты супрацы. Узгадалі наш поспех на Social weekend 11, дзе быў заяўлены праект YMCA Брэста па адкрыццю бэбі-румаў (пакояў для кармлення і пераапранання немаўлят). На сустрэчы гучала музыка. Усе жадаючыя змаглі выявіць свае творчыя здольнасці і памаляваць.

Вольга патлумачыла, што распачатая сацыяльная кампанія скіравана на паляпшэнне гарадской прасторы для сем’яў з дзецьмі, у тым ліку з дзецьмі з асаблівымі патрэбамі. Плануецца прапаноўваць псіхолага-педагагічную падтрымку бацькам, павышаць папулярнасць грудного кармлення, дапамагаць у падрыхтоўцы да родаў і ў пасляродавым аднаўленні, рэабілітацыі. Для Брэста гэта вельмі важна.

–  Для ажыццяўлення нашага сацыяльнага праекта сабралася каманда сапраўдных прафесіяналаў, – гаворыць каардынатар кірунку па адкрыццю бэбі-румаў Анастасія Чухлатая. – І кожная з удзельніц – маці “са стажам”, выхоўвае некалькі дзяцей, таму добра ведае ўсе клопаты і патрэбы брэсцкіх сем’яў.

Напрыклад, Вольга Крусь – магістр педагогікі, спецыяліст па нефармальнай і інфармальнай адукацыі, беларускай народнай педагогіцы. Лілія Ванелік – адна са стваральніц і кіраўніца інклюзіўнага цэнтра “Авакада”, спецыяліст па нейракарэкцыі, працы з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця. Аляксандра Грынь – педагог, кансультант па пытаннях дзіцяча-бацькоўскіх стасункаў. Алена Малышкіна – фельчар-акушэр, кансультант па грудным кармленню ды іншых пытаннях. Людміла Гардзіеўская таксама мае вялікі досвед у сферы груднога кармлення, акрамя таго вядзе курсы для цяжарных, кансультуе па пасляродавай рэабілітацыі жанчын. Кацярына Горык – журналіст, аўтар цыклу артыкулаў аб актыўных брэсцкіх сем’ях, удзельнічае ў арганізацыі дабрачыннных праектаў. Анастасія Чухлатая – менеджэр, трэнер, спецыяліст па нефінансавых метадах матывацыі.

–  Актыўнае бацькоўства ўжо стала стылем жыцця маёй сям’і і маіх знаёмых, – адзначае Вольга Крусь. – Вельмі хочацца, каб у Брэсце было яшчэ больш шчаслівых, актыўных і свядомых бацькоў, паляпшаліся ўмовы для паўсядзённага жыцця і выхавання дзяцей, пераадольваліся негатыўныя стэрэатыпы ў дачыненні да людзей з асаблівымі патрэбамі, укараняліся прынцыпы інклюзіўнасці. Мы гатовыя шчодра дзяліцца досведам у гэтай сферы, у тым ліку з прадстаўнікамі іншых лакальных аддзяленняў YMCA Беларусі.

Руслан Ананьеў
Фота YMCA Брэста

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.