Каляды ў Панямонцах: “імпартная” Каза, эмоцыі і пачастункі

З каляднай зоркай, спевамі, танцамі ды шчырымі пажаданнямі дабрабыту жыхароў вёскі Панямонцы Лідскага раёна наведалі валанцёры YMCA Беларусі. У гэты раз святочная працэсія атрымалася “міжнароднай”.

Па добрай традыцыі ў адукацыйны цэнтр “Панямонцы” прыехалі валанцёры з розных куткоў Беларусі. Сёлета да іх далучыўся прадстаўнік Германііі.

Размеркаванне роляў і “рэквізіту”, трошкі часу на рэпетыцыі. І гучная кампанія рушыла па вясковай вуліцы. Наперадзе – чалавек з каляднай зоркай, якую вырабілі наведвальнікі клуба “Y–teens” з Берасця і пазычылі панямонскім калядоўшчыкам. Услед – Каза, Мядзведзь ды іншыя.

– Ролі мы звычайна размяркоўваем папросту: той, хто ведае песні, спявае. Хто не ведае, той і Каза, – з гумарам распавядае каардынатарка вандроўкі Яўгенія Сядова з YMCA Мінска. – Гэтым разам Каза была замежная, як мы казалі, “імпартная”. Бо такую ролю аддалі нямецкаму валанцёру Ёшуа, які зараз жыве ў Беларусі і дапамагае ў дзейнасці YMCA Берасця. І з ёй ён выдатна справіўся. Маляўніча падаў ды танцаваў.

За дзве гадзіны калядоўшчыкі наведалі пяць хат. Былі гатовы і больш. Але з-за моцных маразоў некаторыя з вяскоўцаў паехалі гасцяваць да родных у горад.

– Калядавала я ўпершыню, – падзялілася ўражаннямі Алёна Парсюкевіч з YMCA Мінска. – Раней хадзіла з песнямі і пажаданнямі па роднай вёсцы на Вялікдзень. Але без касцюмаў і “тэатралізацыі”. А ў Панямонцах гэта ўсё было. Было цікава, весела і чароўна. Выдатная кампанія! І бачыць радасць у вачах вясковых жыхароў, да якіх мы завіталі ў госці, – такое шчасце, такі скарб!

Вяскоўцы шчодра аддзячылі калядоўшчыкаў, пачаставалі іх хатнімі нарыхтоўкамі – агуркамі, памідорамі, грыбамі ды іншымі прысмакамі. Пасля шчадравання яго ўдзельнікі сабраліся ў адукацыйным цэнтры “Панямонцы” на святочную вячэру, паспявалі пад гітару.

Калядаванне — традыцыя з дахрысціянскімі каранямі, яна цесна звязана з зімовым сонцастаяннем і культам продкаў. Увечары група сялян апраналася ў жывёл (Казу, Тура, Бусла, Зайца), а таксама ў Дзеда, Бабу, Цыгана, Чорта і хадзілі па вёсцы або ехалі на вазку ці санках. Яны спыняліся ля кожнага двара, і кожны гаспадар павінны быў запрасіць іх у хату, Калядоўнікі спявалі, танцавалі, гралі на дудзе і бубне, ладзілі імправізаваныя сцэны. Напрыканцы выступлення яны ў форме песні ці вершаванага звароту жадалі гаспадарам багацця, здароўя, сямейнага ладу. Цэнтральным персанажам звычайна была Каза.

Руслан Ананьеў
Фота Сяргея “Старога” Сіроткіна, Алеся Лапаціна

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.