Вольная прастора Верхавіны: як гуцулы ў Карпатах ствараюць вялікі моладзевы цэнтр, ладзяць горныя летнікі і мараць пра ўласную стайню

За некалькі гадоў лідэры YMCA Карпаты зрабілі амаль што немагчымае: на месцы ранейшай паўразбуранай пякарні адкрылі моладзевы цэнтр з прасторнай залай, хостэлам і кафэ. Яны імкнуцца прывучыць школьнікаў і моладзь да здаровага ладу жыцця, паспрыяць іх творчаму развіццю, папулярызаваць гуцульскія традыцыі і развіваць турыстычны патэнцыял гэтага прыгожага і гасціннага краю.

Дом новых магчымасцей

– Ідэя стварыць у Верхавіне моладзевы цэнтр нарадзілася ў мяне яшчэ каля дваццаці гадоў таму, – распавядае прэзідэнт YMCA Карпаты (Івана-Франкоўскай грамадскай арганізацыі “Хрысціянская асацыяцыя моладзі і сям’і”) Вольга Саламійчук. – Многія лічылі яе занадта амбіцыйнай, нязбыўнай. Але дзякуючы падтрымцы YMCA, дзяржаўных уладаў і неабыякавых людзей такі праект ажыццявіўся і працягвае актыўна развівацца. Канешне, нам даводзіцца скарыстоўваць на гэта амаль што ўвесь вольны час, мала спаць. Але, напэўна, Бог бачыць, як мы завіхаемся, і дапамагае, дае сілы.

Новы аб’ект назвалі сімвалічна – вольная прастора “ДYMCA”, што можна ўспрымаць і як “Дом YMCA”, і як “Думка”. У інтэр’еры акцэнт зроблены на гуцульскі каларыт. Ён адчуваецца дзякуючы шторам, рушнікам і посуду з традыцыйным арнаментам. Тут жа можна ўбачыць народныя строі, старыя прылады працы. Сцены, выкладзеныя  з цэглы, – яркая рознакаляровая мазаіка.

Дабрабыт для мары

Амаль штодзень вольная прастора развіваецца. Кожны госць можа пафарбаваць адну ці некалькі белых цаглінак сценаў, напісаць сваё імя ці назву арганізацыі. І гэта знітоўвае людзей з моладзевым цэнтрам, ён становіцца для іх па-сапраўднаму родным.

Прадстаўнікі YMCA Мінска, якія правялі ў Верхавіне некалькі дзён, прывезлі сябрам з YMCA Карпаты беларускія сувеніры і салодкія падарункі. І, канешне ж, аздобілі адну са сценаў лагатыпам YMCA Мінска, размясцілі побач з ім рушнік з беларускім арнаментам і пажаданнем дабрабыту.

Плюсы і мінусы малога паселішча

Верхавіна (да 1962-га яе называлі Жаб’е) – раённы цэнтр з амаль што 800-гадовай гісторыяй. Але жыхароў у пасёлку гарадскога тыпу – не больш за 6 тысяч. З аднаго боку, у маленькім паселішчы добра дзейнічае эфект “сарафаннага радыё”, згуртаваць моладзь лягчэй, чым у вялікім горадзе, дзе значна больш варыянтаў бавіць вольны час. Але, з іншага боку, многія валанцёры пасля заканчэння школы ад’язджаюць вучыцца ў іншыя гарады.

– Канешне, шкада, што адбываецца такая “цякучка”, – пагаджаецца Міраслава Раманоўска, кіраўнік моладзевага цэнтра “ДYMCA”. – Але мы прызвычаіліся. Самае галоўнае, што дапамагаем дзецям і падлеткам развівацца. І калі бачыш радасць у іх вачах, гэта вельмі натхняе на далейшую працу.

Сям’я, любоў і вера

Міраслава – адна з чатырох дачок Вольгі Саламійчук. Да дзейнасці YMCA далучылася, калі ёй было каля 16 гадоў. І цяпер не ўяўляе сваё жыццё без гэтай арганізацыі.

– Я люблю рухацца, знаходзіцца сярод людзей, размаўляць з імі, нечым разам займацца, набываць новых сяброў, – гаворыць Міраслава. Да нас прыязджаюць людзі з розных краін. Мы таксама ездзім да іх у госці. Гэта робіць жыццё цікавым, насычаным ідэямі і эмоцыямі.

– Для мяне YMCA Карпаты – гэта сям’я, – параўноўвае Міраслава. – Я лічу сябе, сваю маці ды іншых з нашай каманды добрымі людьмі. І мы прыцягваем такіх жа адкрытых і актыўных людзей, становімся адзін для аднаго блізкімі, амаль што роднымі. Яшчэ мяне натхняе любоў да ўсяго, што мы робім. Нас яднае і вера. Вера ў тое, што не дарэмна аддаем свае сілы, час і энергію. Мы разам робім карысную справу.

Рай па-карпацку

У вольнай прасторы “ДYMCA” для дзяцей і малодзі рэгулярна праводзяць кінапаказы, майстар-класы, дыскатэкі, заняткі па англійскай мове, танцах. Акрамя таго, запрашаюць на адпачынак групы дзяцей з іншых мясцін, плануюць для іх экскурсіі. Напрыклад, знаёмяць з гуцульскім побытам і народнымі музычнымі інструментамі падчас інтэрактыўнай сустрэчы ў музеі Міколы Ілюка.

З вялікай ахвотай дзеці выпраўляюцца і ў паходы ў горы. Сама Верхавіна знаходзіцца на вышыні больш за 600 метраў над узроўнем мора. Але можна ўзняцца вышэй. У тым ліку на гару Гаверлу (2016 метраў) – найвышэйшую кропку Украіны.

Цікава дзецям і ва ўрочышчы Запідак, размешчаным непадалёк ад Верхавіны. Там можна наведаць сядзібу святога Мікалая, праехаць на кані, пагуляць на свежым паветры і падсілкавацца шашлыкамі. У гэтым жа месцы ўлетку праводзяць традыцыйны летнік “Рай у Карпатах”.

– Мы імкнемся займацца сацыяльным прадпрымальніцтвам, – тлумачыць Міраслава. – За некаторыя паслугі бярэм плату. Напрыклад, запрашаем турыстаў у наш хостэл. Гэта дазваляе нам бясплатна прымаць сацыяльна неабароненых дзяцей.

З ёгай і басейнам

Вольга Саламійчук займаецца сацыяльнай працай шмат гадоў. У 2004-м яна пазнаёмілася з дзейнасцю YMCA. І гэта пашырыла яе магчымасці. Вандроўкі, сустрэчы, знаёмствы прыносяць новыя ідэі, натхняюць.

Здаецца, стварыўшы вольную прастору “ДYMCA”, можна было б супакоіцца. Але ёсць новыя ідэі. Напрыклад, уладкаваць трэці паверх у моладзевым цэнтры і адкрыць залу для заняткаў ёгай, аэробікай, танцамі.

– Ва ўрочышчы Запідак, дзе праводзім летнікі, мяркуем пабудаваць міжнародны міжканфесійны духоўна-экалагічны аздараўленчы цэнтр. Раённыя ўлады нам выдзялілі для гэтага пляцоўку плошчай каля аднаго гектара. Там хочем пабудаваць стацыянарны аздараўленчы комплекс на 100 дзяцей. Калі зробім гэта, дык акрамя намётавых летнікаў зможам круглы год праводзіць і стацыянарныя. Там цудоўная прырода, выдатны адпачынак для дзяцей. У праекце – спартзал, басейн, стайня. Будзем катаць дзяцей на конях, аздароўліваць.

Тры абліччы Гуцульшчыны

– Гуцульшчына, якую я адкрыла для сябе ў час паездкі ў Верхавіну, асацыюецца ў мяне з творчасцю, самавыяўленнем асобы і нацыі, – дзеліцца ўражаннямі Надзея Бунцэвіч з YMCA Мінска. – Гэта бачна паўсюль! Дзейнасць YMCA Карпаты і моладзевага цэнтра “ДYMCA” – яскравае таму сведчанне. Прычым далёка не адзінае!

– На адным з абразоў, выявы якога ляжаць у пакоях хостэла, напісана пажаданне не традыцыйнага здароўя-шчасця-дабрабыту, а… здзяйснення творчых задумаў, – заўважае Надзея. – У шматлікіх каплічках і большасці цэркваў – безліч артэфактаў, прынесеных і, галоўнае, вырабленых самімі прыхаджанамі: рушнікі, абразы, інсталяцыі на біблейскія тэмы, макеты царкоўных будынкаў, кветкавыя кампазіцыі –  ды што заўгодна! У любых стылёвых напрамках, уключаючы нават экспрэсіянізм. І ва ўсім – любоў, шчырасць, імкненне адшукаць і напоўніцу рэалізаваць той Божы дар, што закладзены ў кожным чалавеку без выключэння.

– Яшчэ адзін асацыятыўны вобраз Гуцульшчыны – сям’я, прыярытэт сямейных каштоўнасцяў, – распавядае прадстаўніца YMCA Мінска. – На абразах не звыклыя выявы Божай маці з Хрыстом-немаўляткам, а разам з Ёсіфам: дарослыя з абодвух бакоў нахіляюцца над сваім дзіця, як на сямейных партрэтах. У старых хатах – гэткіх радавых гнёздах – заснаваны прыватныя музеі, дзе захоўваюцца прадметы побыту, музычныя інструменты даўніны, а справа перадаецца ад бацькоў дзецям, каб экскурсіі пры неабходнасці маглі правесці нават унукі-падлеткі.

– Трэцяя асацыяцыя Гуцульшчыны – быццам перанесеная на поўдзень, аблашчаная ледзь не грузінскай гасціннасцю найбольш абжытая частка Нарвегіі, – параўноўвае Надзея Бунцэвіч. – Сувязь гэтых геаграфічна аддаленых мясцінаў не толькі ў падабенстве відарысаў: горы, вада, зеляніна.

Па словах Надзеі, вока ловіць тыя ж фарбы ў нацыянальнай арнаментыцы – найперш спалучэнне балотна-зялёнага колеру з карычнева-цагляным, крыху пачырванелым, тыя ж абрысы ў старой сельскай архітэктуры – чорныя, крыху гатычныя дахі з насаджанымі зверху маленькімі “хаткамі-мансардамі”, дададзенымі не столькі для пашырэння праславутай жылплошчы, колькі для прыгажосці. Шлях з варагаў у грэкі? Можа, і так. Але пры гэткай натуральнай упісанасці ў еўрапейскую прастору – ніякіх адмоўных праяў глабалізацыі. Наадварот – натуральны, генетычна закладзены патрыятызм, падтрыманы з маленства не праз лозунгі-слоганы, а праз усё тыя ж сямейныя традыцыі, азораныя не застылай традыцыйнасцю, а вечна жывой творчасцю.

Руслан Ананьеў
Фота Руслана Ананьева і www.facebook.com/prostirdymca, www.facebook.com/pg/raivkarpatah

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.