Песні, віншаванні, рушнікі і бульбяная бабка: у Панямонцах святкавалі ўсёй вёскай

Свята вёскі “Куточак, сэрцу дарагі” правялі ў Панямонцах. Песні і шчырыя віншаванні прагучалі на беразе Нёмана ў двары моладзевага цэнтра YMCA Беларусі (грамадскай арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых”).

На свята сабралая шмат жыхароў Панямонцаў. Да іх далучыліся госці з Бярозаўкі, Ліды, Мінска і нават розных рэгіёнаў Расіі, якія прыехалі да сваякоў. Месцы ў канцэртнай залі пад адкрытым небам занялі сталыя людзі, моладзь, школьнікі і зусім малыя дзеці.

Арганізатары свята з Пескаўскага Дома культуры ўзгадалі жыхароў Панямонцаў, якія шмат гадоў адпрацавалі ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве ці ў сацыяльнай сферы, адукацыі. Многія вяскоўцы атрымалі прыемныя падарункі. Да віншаванняў далучыліся і прадстаўнікі YMCA Беларусі. У прыватнасці, Міхаілу і Антаніне Груца, якія пражылі разам каля 60 гадоў, старшыня савета арганізацыі Марыя Мядзведзева падарыла вялікі смачны торт.

Шмат душэўных песень падчас святочнага канцэрта выканалі ўдзельнікі ансамбля “Святліца” Дзітвянскага Дома культуры, а таксама творчыя людзі з Пескаўскага Дома культуры. Добра падтрымалі святочны настрой і самі жыхары Панямонцаў. Яны выканалі некалькі песень, прапанавалі іншыя творчыя нумары, зладзілі выставу вырабаў мясцовых майстроў — кошыкаў, саматканых дываноў і вышытых рушнікоў.

— У зоне нашага абслугоўвання знаходзяцца 11 вёсак, — паведаміла культарганізатар Пескаўскага Дома культуры Галіна Сафонава. — У дзвюх-трох з іх па чарзе мы штогод ладзім свята вёскі. Таму ў Панямонцы мы завіталі сёлета пасля перапынку працягласцю ў некалькі гадоў.

Раней, па словах Галіны Сафонавай, арганізаваць такое мерапрыемства было няпроста: шукалі самы вялікі двор, прыносілі з розных хат лавы і крэслы. Сёлета ж валанцёры YMCA Беларусі перанеслі з моладзевага цэнтра мэблю, арганізавалі глядзельную залу, дапамаглі падрыхтаваць сцэну.

— Мы вельмі ўдзячныя за такое плённае супрацоўніцтва, спадзяемся, што яно будзе працягвацца, — дадала Галіна Сафонава.— Напрыклад, мы папярэдне дамовіліся, што прадстаўнікі гэтай грамадскай арганізацыі дапамогуць правесці свята рыбака, якое пройдзе напрыканцы ліпеня непадалёк ад Панямонцаў — у Пескаўцах.

— Падчас свята мы не толькі віншавалі вяскоўцаў, але і самі атрымалі прыемны падарунак — падзячны ліст ад Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. І гэта – пацверджанне плённасці нашага супрацоўніцтва, паспяховасці грамадска-дзяржаўнага партнёрства, — адзначыла старшыня савета грамадскай арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых” Марыя Мядзведзева.

Свята вёскі, якое вельмі сімвалічна прайшло ў Год малой Радзімы, стала новым этапам ў развіцці моладзевага цэнтра “Панямонцы”. Дагэтуль яго валанцёры рэгулярна ладзілі летнікі, сустрэчы з жыхарамі вёскі, дапамагалі добраўпарадкаваць тэрыторыю.

Акрамя таго вывучалі і распаўсюджвалі культурныя набыткі мясцовых вяскоўцаў – падчас фальклорных экспедыцый рабілі фота, аўдыё- і відэазапісы. Асаблівы гонар валанцёраў — выдадзеная кніга жывой гісторыі вёскі — “Спадчына Панямонцаў”.

На заканчэнне свята ў Панямонцах валанцёры моладзевага цэнтра прапанавалі смачны сюрпрыз. Яны пачаставалі ўсіх гасцей бульбяной бабкай і кісялём з печывам.

Руслан Ананьеў
Фота Руслана Ананьева

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.