Сямейны клуб “Гняздо”: як зрабіць Брэст утульным, а бацькоўства – актыўным, здаровым і захапляльным?

Некалькі берасцейскіх жанчын сабраліся за сяброўскай гарбатай ды вырашылі ператварыць выхаванне немаўлят з цяжкай пакуты ў цікавы і актыўны перыяд жыцця. Пачалі з папулярызацыі груднога кармлення і “выраслі” да праекта па развіццю актыўнага бацькоўства.

— Дзесьці ў лютым 2016-га да мяне падыйшла Алеся Грынь — цудоўная настаўніца, якая займаецца папулярызацыяй у Брэсце беларускай мовы, у тым ліку ў дзіцячых асяродку. Яна прапанавала сабрацца больш вялікай кампаніяй, каб абмеркаваць некаторыя ідэі. Я з радасцю пагадзілася, — узгадвае Вольга Крусь, каардынатар сямейнага клуба “Гняздо” YMCA Брэста (Брэсцкага гарадскога аддзялення грамадскай арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых”).

— На наступную сустрэчу Алеся Грынь прыйшла не адна, а з цудоўным медыкам Аленай Малышкінай і спецыялістам па працы з дзецьмі з аўтызмам Ліліяй Ванелік. Пазней да гэтай кампаніі далучыліся актыўная маладая маці з YMCA Брэста Анастасія Чухлатая, слінгакансультант і спецаяліст па грудному кармленню  Людмілі Гардзіеўская. Ідэй было шмат, амбіцый таксама. Вызначыцца з прярытэтамі было няпроста, – прызнаецца Вольга.

Спачатку агульнымі намаганнямі пры падтрымцы грамадскай арганізацыі “Дзедзіч” адкрылі месца для кармлення і пераапранання дзяцей у аддзеле літаратуры для дзяцей і юнацтва абластной бібліятэкі імя Горкага. Пасля гэтага разам з Банкам дабрачыннага сэрвісу пачалі дапамагаць двум дзеткам з асаблівымі патрэбамі — Ульяне Камаровай і Максіму Ванеліку. Для гэтага ладзілі разнастайныя сустрэчы, акцыі. З вялікім поспехам прайшлі “Бітва пірагоў” і “Смачная казка”. На гэтых фестывалях дзеці і дарослыя атрымалі шмат яркіх эмоцый, акрамя таго арганізатары здолелі сабраць сродкі, неабходныя для лячэння дзетак.

Актывісткі пачалі выступаць за паляпшэнне гарадской інфраструктуры ў адпаведнасці з патрэбамі сямей з дзецьмі. Працягнулі адкрываць пакоі для кармлення. Важнасць такіх аб’ектаў пачалі асэноўваць гарадскія ўлады, бізнесоўцы-ўладальнікі гандлёва-адміністрацыйных цэнтраў. З ідэяй адкрыцця новых Baby room лідэры Анастасія Чухлатая і Кацярына Горык дайшлі да фінала конкурса сацыяльных праектаў Social Weekend, нарадзіліся выдатныя перспектывы.

Важную справу распачала Алена Малышкіна. Яна як сацыяльны прадпрымальнік адкрыла “Малышкіну школу”, запрашае на сустрэчы бацькоў ці тых, хто толькі рыхтуецца да гэтага, распавядала пра важнасць працяглага груднога кармлення, разбірала пэўныя медыцынскія і псіхаланічныя аспекты выхавання дзяцей і развіцця ўзаемаадносін маладых бацькі і маці. Рэгулярна на заняткі прыходзяць медыкі, якія даюць практычныя рэкамендацыі. І такі фармат, такія ідэі вабяць усё больш людзей.

— Мы знайшлі ў Брэсце ўтульнае і камфортнае памяшканне для мерапрыемстваў нашага клуба “Гняздо”, які аб’ядноўвае прадстаўнікоў YMCA Брэста ды іншых актыўных людзей.  І збіраемся пашыраць нашу дзейнасць — займацца сацыяльным праектам развіцця актыўнага бацькоўства, — распавядае Вольга Крусь. – На сустрэчыТуды змогуць прыходзіць маладыя таты і маці разам з дзецьмі, гуляць, сустравацца з педыятрамі, алерголагамі, іншымі спецыялістамі. А яшчэ дзяліцца адзін з адным досведам выхавання сыноў і дачок, арганізацыі паездак і паходаў. Лічу, што вельмі патрэбны і клуб стомленых маці. На яго сустрэчы могуць прыходзіць жанчыны, якія выхоўваюць малых дзяцей. Для жанчыны, якая завіхаецца ля дзіцяці, патрэбны адпачынак, “перазагрузка”, падчас якой можна проста пасядзець без свайго “груза”, спакойна выпіць гарбаты, падзяліцца сваімі эмоцыямі і ўражаннямі — і такім чынам на некаторы час вырвацца са звыклага кола.

Ёсць таксама ідэі ладзіць інклюзіўныя інтэнсіўныя мерапрыемствы для семьяў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівымі патрэбамі. Адным з месцаў правядзення такіх семінараў, трэнінгаў можа стаць моладзевы цэнтр “Панямонцы”, размешчаны ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці.

— Ствараюцца новыя сем’і, нараджаюцца дзеці. Гэта бясконцы кругазварот жыцця. Таму тое, што прапануе клуб “Гняздо”, будзе запатрабаваным, — упэўненая Вольга Крусь. — Мы з радасцю падзелімся нашым досведам з аднадумцамі з іншых адзяленняў YMCA Беларусі. Напрыклад, наколькі я ведаю, у маладых лідэраў YMCA Мінска ўжо падрастае шмат дзетак.

Руслан Ананьеў

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.