Канцэрты, майстар-класы і ціхая дыскатэка па-дрэздэнску

Дзякуючы міжнароднаму фестывалю “Peace Academy” (“Акадэмія міра”) цэнтр нямецкага Дрэздэна ператварыўся ў дзіўны Вавілон. Дэлегацыя YMCA Брэст з захапленнем далучылася да віра музыкі, шчырых слоў і прыемных знаёмстваў.

На фестывалі сабраліся каля 300 чалавек з 27 краін. Яны сталі ўдзельнікамі “Акадэміі міра” – вялікага свята, якое ладзяць раз на два гады. Фестываль яднае моладзь з розных краін, людзей з рознымі культурнымі каштоўнасцямі і рэлігійнымі поглядамі. Аснойная задача – правесці інтэнсіўныя “заняткі” ў “акадэміі” на адкрытай пляцоўцы ў цэнтры Дрэздэна і навучыць моладзь жыць мірна, талерантна.

 

 

– У дэлегацыі YMCA Брэст было каля 20 чалавек, – распавяла старшыня гэтага лакальнага аддзялення грамадскай арганізацыі YMCA Беларусі Іна Палійчук. – Мы спецыяльна прыгатавалі выступленне з папуры з чатырох беларускіх народных песень, а таксама танцамі. Выступалі ў нацыянальных строях. Лічу, што наш выступленне па-сапраўднаму ўпрыгожыла канцэртную праграму.

Акрамя таго праводзіліся майстар–класы і семінары на самыя розныя тэмы: ад палітыкі да псіхалогіі і спорту. Шмат яркіх эмоцый прынесла і “ціхая дыскатэка”. Яе ўдзельнікі слухалі музыку выключна праз навушнікі і “перакладалі” яе прыгажосць на танцавальныя рухі, далучаліся да агульнай дыскатэкі.

– Паездкі на “Акадэмію міра” сталі традыцыйнымі. Сёлетні візіт – трэці, – адзначыла Іна Палійчук. – Фестываль дазваляе пазнаёміцца з прыгажосцю гэтага горада і культурнымі каштоўнасцямі моладзі з іншых краін. І, канешне ж, можна набыць шмат новых сяброў і надалей падтрымліваць з імі кантакты, пашыраць свой кругагляд.

Руслан Ананьеў

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.