Каляды ў Панямонцах: вяртанне ў дзяцінства, містыка продкаў і энергетычны абмен

З Каляднай зоркай, спевамі ды пажаданнямі здароўя і дарабыту завіталі ў хаты жыхароў вёскі Панямонцы Лідскага раёна валанцёры YMCA Беларусі. Яны падарылі цяпло сваіх сэрцаў і нашчадравалі шмат прысмакаў.

У моладзевы цэнтр “Панямонцы” прыехалі маладыя людзі з Мінска, Маладзечна, Ліды, Брэста. Правялі некалькі рэпетыцый — і ў чатыры-пяць гадзін вечара святочная працэсія пачала абход хат.

— Я не была ні Казой, ні Мядзведзем. Але шмат спявала, — падзялілася ўражаннямі Дар’я Швядоўская з YMCA Мінска. — Калядаванне быццам вярнула мяне ў дзяцінства. Калі мне было гадоў сем-восем, я жыла з бацькамі ў Брэсце. Мы збіралі каманду і хадзіла па суседзях, шчадравалі.

Канешне, прызнаецца яна, з таго часу многія песні забыліся. Таму давялося па дарозе з Мінску ў Панямонцы амаль што вывучваць іх нанова. А калі пачалі хадзіць па хатах, спачатку забывала словы, не падпявала іншым, але потым прызвычаілася, супакоілася — і спявала больш упэўнена.

— У мяне было дзіўнае адчуванне таго, што я падарыла сталым жыхарам Панямонцаў свае эмоцыі, цяпло, а сама адчула сваю повязь з багатымі традыцыямі нашых продкаў, магічную сувязь з продкамі, — тлумачыць Дар’я. — Шкада, што з цягам часу вясковых жыхароў становіцца ўсё менш, а традыцыі калядавання патроху забываюцца.

— Я калядаваў упершыню ў жыцці, — прызнаецца Андрэй Рамук з YMCA Ліды. — Мне даручылі насіць калядную зорку. Спачатку было нязвыкла, часам не ведаў, як спяваць і што рабіць. Але калі дайшлі да трэцяй-чацвёртай хаты, адчуваў сябе калядоўшчыкам “са стажам”.

Па словах Андрэя, быць калядоўшчыкам — не толькі адказна, але і весела, цікава. Ты адчуваеш сябе часткай каманды сяброў, дорыш эмоцыі, адчуваеш душэўнасць іншых. Напэўна, паўдзельначаць у такім свяце было б цікава і дзецям. Магчыма, у наступным годзе Андрэй запросіць пакалядаваць і сваю старэйшую дачку, якой зараз 11 гадоў.

— Я пачала калядаваць у 2010 годзе. Патрапіла на свае першыя Каляды амаль выпадкова, а пасля засталася назаўсёды. А ў 2017 годзе ўпершыню прыехала калядаваць у Панямонцы, – распавядае каардынатар паездкі ў гэтую вёску Яўгенія Сядова з  YMCA Мінска. — Для мяне самае каштоўнае ў гэтым свяце — гэта эмоцыі. Эмоцыі людзей, якім мы жадаем шчасця ў новым годзе. А таксама эмоцыі калядоўшчыкаў, калі мы бачым шчырыя ўсмешкі гаспадароў. Да такога асаблівага энэргаабмена хочацца звяртацца зноў і зноў. Таму штогадова я калядую некалькі разоў, мой максімум — 7 выездаў за сезон.

У Панямонцах ладзім Каляды ў другі раз. Сёлета калядоўшчыкаў сабралася трохі менш, чым летась. Атрымалася камерна, па-хатныму прыемна.

— Нажаль, у вёсцы жыве ўсё менш жыхароў, усё больш хат стаіць з цёмнымі вокнамі, — параўноўвае Яўгенія. — Але радасць тых людзей, якія адчынілі нам дзверы, неабсяжная. Яны нас ведаюць, яны нас пазнаюць. Пытаюцца:”А дзе Кірыл? А дзе Стася? А я вас блінцамі частавала ўлетку, памятаеце?” Таму мы абавязкова пастараемся і ў наступным годзе прарвацца праз свае зімовыя справы ды прывезці людзям свята.

Калядаванне — традыцыя з дахрысціянскімі каранямі, яна цесна звязана з зімовым сонцастаяннем і культам продкаў. Увечары група сялян апраналася ў жывёл (Казу, Тура, Бусла, Зайца), а таксама ў Дзеда, Бабу, Цыгана, Чорта і хадзілі па вёсцы або ехалі на вазку ці санках. Яны спыняліся ля кожнага двара, і кожны гаспадар павінны быў запрасіць іх у хату, Калядоўнікі спявалі, танцавалі, гралі на дудзе і бубне, ладзілі імправізаваныя сцэны. Напрыканцы выступлення яны ў форме песні ці вершаванага звароту жадалі гаспадарам багацця, здароўя, сямейнага ладу. Цэнтральным персанажам звычайна была Каза.

Руслан Ананьеў

Фота Аляксандра Драчука

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.