У Груздаве скаўцкі квэст ладзілі і Казу вадзілі    

Прайшлі выпрабаванне скаўцкім квэстам і накалядавалі вялікі мех прысмакаў. Так валанцёры YMCA Маладзечна, Віцебска і Ліды правялі Калядныя сустрэчы.

Калядныя сустрэчы, якія праходзяць ва YMCA Беларусі штогод, на гэты раз адбыліся ў вёсцы Груздава Маладзечненскага раёна. На святкаванне прыехалі каля 15 чалавек ва ўзросце ад 14 гадоў. За два дні яны ярка выявілі свае фізічныя здольнасці, акцёрскае і вакальнае майстэрства, камандны дух і кулінарны талент.

— Мы пазнаёміліся, распавялі пра традыцыі святкавання Раства і Калядаў, паўдзельнічалі ў квэсце са скаўцкімі выпрабаваннямі, правялі творчыя “батлы”, — распавяла адна з арганізатарак сустрэчы Стася Цярэнцьева з YMCA Віцебска. — Канешне ж, сабраліся і за святочным сталом. Былі гульні, конкурсы. Мы былі ў вёсцы, таму змаглі наведаць некалькі хат, пакалядаваць. Мясцовыя жыхары нас ветліва сустракалі. Мы сабралі мех прысмакаў!

— Паспелі зайсці, напэўна ў пяць двароў, — падзяліўся ўражаннямі Арцём Цанцавіцкі з YMCA Маладзечна. — Да гэтага мы падрыхтаваліся — напрыклад, самі вырабілі “казу”, выбралі іншы рэквізіт. Размеркавалі ролі (я быў Мядзведзем), нанеслі на твары “грым”, правялі рэпетыцыю і рушылі па вёсцы з песнямі, танцамі ды жартамі.

— Шкада, што наваколле было шэрым, без снега, — адзначылі ўдзельнікі свята. — Але мы на гэта не звярталі ўвагі, самі імкнуліся стварыць па-сапраўднаму зімова-калядную атмасферу.

Калядныя сустрэчы – традыцыя, якую распачалі ўдзельнікі YMCA Беларусі больш за дзесяць гадоў таму. З цягам часу змяняецца месца спаткання і яго фармат, склад удзельнікаў. Але кожны раз – гэта сустрэча сяброў, магчымасць узгадаць старажытныя традыцыі Калядаў і Раства Хрыстова.

У апошнія некалькі гадоў валанцёры YMCA Беларусі пачалі ладзіць Калядныя сустрэчы і ў вёсцы Панямонцы Лідскага раёна, дзе развіваецца моладзевы цэнтр “Панямонцы”.

Руслан Ананьеў

Фота https://vk.com/album-8071742_250406420      

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.