“Сямейна-дачны” трэнінг для трэнераў прайшоў у Яраслаўлі

Сакрэты невербальнай камунікацыі, майстэрства напісання праектаў ды іншыя тэмы вывучылі ўдзельнікі трэнінга для трэнераў, які прайшоў на Дачы расійскай ІМКА каля Яраслаўля. Гэтая сустрэча стала апошняй з цыклу навучальных мерапрыемстваў, прызначаных для прадстаўнікоў YMCA Беларусі, Расіі, Малдовы, Украіны і Швейцарыі.

— Праграма трэнінга была цікавай, — распавядае Лада Маханькова з YMCA Віцебска. — Эмоцыі, міміка, жэсты — як правільна іх выкарыстоўваць пры правядзенні трэнінгаў. Як прытрымлівацца прынцыпаў роўнасці і правільна пісаць праектныя заяўкі. Гэтыя ды іншыя пытанні сталі лагічным працягам дзвюх папярэдніх трэнінгаў.

Першы трэнінг прайшоў увосень 2016 года ў Швейцарыі. У гэтай жа краіне ўвесну 2017-га адбылася і другая сустрэча. Прадстаўнікі розных краін падзяліліся ўласным практычным досведам, узбагаціліся ведамі па ўзаемадзеянню ў камандзе, планаванню, пошуку рэсурсаў, па іншых пытаннях.

— Дача ИМКА, наваколле, вясковыя ўмовы — гэта стварала асаблівую хатнюю, сямейную атмасферу, — гаворыць Дзмітрый Ваховіч з YMCA Маладзечна. — Магчыма, з гэтай прычыны усе былі больш адкрытымі, чым раней. Усялякая інфармацыя ўспрымалася не як спроба навучыць, а як перадача досведу ад старэйшага пакалення – малодшаму.

Па яго словах, эмоцый вельмі шмат. Іх немагчыма адлюстраваць у некалькіх сказах. Такія трэнінгі — гэта і скарбніца карысных ведаў.

— Калі будзе магчымасць прайсці такі трэнінг, зрабіце гэта, — раіць Дзмітрый. — Калі ж не будзе такой нагоды, дык абавязкова знайдзіце яе, пашырце свае гарызонты!

— Я аднавіла веды, набыла новыя, — адзначае Яўгенія Сядова з YMCA Мінска. — Мне вельмі падабаюцца доўгатэрміновыя праграмы навучання. Падчас іх людзі збліжаюцца, становяцца страшна роднымі! А яшчэ на працягу некалькіх этапаў цікава назіраць за сабою, за тым, як змяняецца плынь маіх думак. Што я казала пра вось гэта на першай сутрэчы? А як я стаўлюся да той жа праблемы зараз? Нічога сабе! Такая розніца!

— Трэнінгі для трэнераў павялічваюць твой свет і пашыраюць кола сяброў! — сцвярджае Яўгенія. — Напрыклад, у мяне цяпер ёсць новыя “сястрычкі” у Расіі, Украіне і Беларусі, а таксама адзін вельмі гучны брат з Малдовы. Набываць новыя знаёмствы, веды і эмоцыі — гэта выдатна!

Гэты трэнінг для трэнераў, як адзначаюць яго арганізатары, прайшоў дзякуючы намаганням Сусветнага YMCA і YMCA Еўропы спецыяльна для прадстаўнікоў краін “Усходняй платформы”. Такія мерапрыемствы дапамагаюць не толькі умацаваць каманду трэнераў YMCA Беларусі, але і актывізаваць супрацоўніцтва на міжнародным узроўні.

Руслан Ананьеў

Фота Сяргея Сіроткіна

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*