Багач адсвяткавалі і кулагу прыгатавалі

Кулінарна-святочны трэнінг прайшоў у моладзевым цэнтры Панямонцы. Падчас яго веды пра беларускую народную культуру ўзбагацілі прадстаўнікі лакальных аддзяленняў YMCA Беларусі і школьнікі з Лідскага раёна.

— Мы сабраліся ў Панямонцах на тры дні, — распавёў адзін з арганізатараў — Дзмітрый Ваховіч з YMCA Маладзечна. — Разам са мной трэнінг правялі Яўгеній Марушка з Маладзечна і Алена Мятлюк з Віцебску.

Удзельнікі зладзілі вандроўку ў суседнюю вёску Пескаўцы. Яны пешшу адолелі каля 6 кіламетраў. І па дарозе назбіралі грыбоў. Падчас падарожжа вывучылі архітэктурныя асаблівасці мясцовага краю і адзначылі Дзень турыста. .

Акрамя таго ў Панямонцах прайшоў своеасаблівы кулінарны турнір: кожная з трох каманд прыгатавала страву па беларускіх народных рэцэптах. У выніку ў адных атрымалася смачная бабка. Другія запрасілі пачаставацца халадніком на квасе. А ў трэцяй камандзе выйшла неблагая кулага — своеасаблівы “кісель” з ягадамі, мёдам ды мукой.

А потым адсвяткавалі Багач. Падчас гэтага восеньскага свята беларусы звычайна дзякавалі зямлі і сонцу за багаты ўраджай, жадалі родным і суседзям здароўя і дабрабыту. І, канешне ж, спявалі і танчылі.

— Такі кулінарна-святочны трэнінг у Панямонцах прайшоў упершыню, — адзначыў Дзмірый Ваховіч. — Кожны з яго ўдзельнікаў атрымаў хатняе заданне —- па беларускім народным рэцэпце прыгатаваць яшчэ нейкую страву. Дзякуючы такім гастранамічным пошукам мы ў далейшым узбагацім меню летнікаў і фестываляў, які праходзяць у Панямонцах.

Акрамя таго абмяркоўваецца ідэя, каб надалей кулінарныя трэнінгі сталі мульцікультурнымі: каб майстар-класы па прыгатаванню традыцыйных народных страў праводзілі прадстаўнікі розных краін.

Руслан Ананьеў

One Reply to “Багач адсвяткавалі і кулагу прыгатавалі”

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*