Права чалавека, тэатральны плэйбэк ды чорнаморская ёга па-ўкраінску

Летняя школа YMCA па правах чалавека прайшла 8-13 жніўня непадалёк ад Адэсы. Дзве прадстаўніцы Беларусі правялі семінар і пазнаёміліся з украінскім і малдоўскім досведам.

У маляўнічым паселішчы Коблева на беразе Чорнага мора сабраліся каля 40 ўдзельнікаў з лакальных арганізацый YMCA Украіны, а таксама з Беларусі, Малдовы, ЗША. Кожны падзяліўся сваімі напрацоўкамі. Вікторыя Карчынская з YMCA Брэст і Юлія Ведышава з YMCA Маладзечна правялі семінар “Грамадзянскаць. Грамадзянская актыўнасць”.

— Сустрэча праходзіла ў маляўнічым месцы на марскім узбярэжжы. Лета, сонца, мора — гэта цудоўна! — падзялілася ўражаннямі Вікторыя. — Цікавымі і карыснымі былі практыкаванні і энерджайзеры падчас выступленняў прадстаўнікаў лакальных аддзяленняў. Акрамя таго, запомнілася “свечка” — эмацыянальны і душэўны рытуал, які штовечар праводзілі на беразе.

Як псіхолагу ёй было цікава пазнаёміцца з методыкамі плэйбэк-тэатра. Такія заняткі рэгулярна ладзілі на працягу трох дзён.

— Кожная раніца пачыналася з ёгі і медытацыі. Гэта дадавала сіл і ўзнімала настрой, — распавяла Юлія. — Падчас заняткаў разглядалі шмат тэм, у тым ліку пытанні фандрайзінгу, адвакаціравання. Дзве валанцёркі расказалі пра сваю дзейнасць ва Украіне ў якасці прадстаўніц Корпусу Міру.

Канешне ж, было і шмат шчырых размоў, прэзентацый дзейнасці лагальных арганізацый.

— Для мяне самым каштоўным набыткам стала знаёмства з цікавымі людзьмі, а самым важным — ўсведамленне таго, што каштоўнасці і веды, якія мы рэтранслюем, — вельмі значныя, — адзначыла яна. — Мы робім вельмі патрэбную і значную справу. Мы на правільным шляху!

Руслан Ананьеў

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*