Кніга знітавала Панямонцы са Скарынам, Сапегамі і Дамейкам

Валанцёры YMCA Беларусі выдалі кнігу “Скарбы Панямонцаў”. Вельмі сімвалічна, што яе прэзентавалі на фестывалі “Разам” напярэдадні 215-годдзя Ігната Дамейкі і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

— Беларуская маляўнічая вёсачка Панямонцы Лідскага раёна — гэта цэлы Сусвет. Яе мінулае дзіўным чынам знітаванае з гісторыяй Тэўтонскага ордэна, сям’і Радзівілаў, Напалеона, Ігнація Дамейкі, — распавядае аўтар кнігі Руслан Ананьеў. — Цяперашнія жыхары шануюць багатыя традыцыі беларускай народнай культуры і шчодра дзеляцца жыццёвым досведам з маладым пакаленнем. Моладзевы цэнтр “Панямонцы” YMCA Беларусі абуджае сакавітую сілу вёскі, адкрывае новыя гарызонты.

Кнігу выдалі фарматам А4. Тэксты спецыяльна выставілі вялікім шрыфтом, каб нават сталым людзям было зручна чытаць. На 32 старонках размясцілі шмат фота і артыкулаў, у якіх праз даследванні гісторыкаў і ўспаміны жыхароў Панямонцаў распавядаецца пра мінулае, традыцыі гэтай вёскі. З кнігі можна даведацца, напрыклад, пра тое, як чылійскі беларус Ігнат Дамейка дапамог Панямонцам, як “чараўнікоў” абаранілі, а напалеонаўскага “мядзведзя” ажанілі. Распавядаецца і пра тое, як Зайцы буслоў “прыручылі”, а па Нёмане хаты даплылі. Акрамя таго надрукавалі некалькі рэцэптаў прысмакаў і тэксты, ноты народных песень, які выконваюць мясцовыя жанчыны.

— Кнігу падрыхтавалі і выдалі ў сціслы тэрмін — менш, чым за тры месяцы, — адзначае Руслан Ананьеў. — Між тым, на пачатку працы мы ведалі толькі тое, што мясцовую школу пабудавалі ў 1913 годзе, а таксама аб тым, што ў вёсцы ёсць аматарскі калектыў “Суседзі”. У інтэрнэце інфармацыі пра Панямонцы амаль што не было. Таму асноўнай крыніцай для нас сталі мясцовыя жыхары. Мы з імі сустракаліся, распытвалі пра мінулае, дапаўнялі здабыткамі прафесійных гісторыкаў.

Справіцца з такой няпростай задачай дапамагла каманда, створаная з удзелам лідэраў YMCA Беларусі ды валанцёраў. Шэсць чалавек з Мінска, Віцебска і Брэста, нягледзячы на сотні кіламтраў між гэтымі гарадамі, актыўна ўзаемадзейнічалі. Руслан Ананьеў распрацаваў канцэпцыю кнігі, напісаў асноўную частку тэкстаў, зрабіў шмат фота. Станіслава Цярэнцьева падрыхтавала інфармацыю па этнаграфічных і кулінарных пытаннях. Надзея Бунцэвіч пільна рэдагавала тэксты, напісала ноты да песень. Кірыл Бародзіч зрабіў шмат маляўнічых фота, падрыхтаваў аўдыёзапісы песень. Вольга Крусь і Яўген Ляшчынскі выдатна справіліся з вёрсткай кнігі.

—  Мы прэзентавалі кнігу на фестывалі “Разам-2017”. А на наступны дзень для ўдзельнікаў гэтага свята зладзілі інтэрактыўную экскурсію па вёсцы. Сустракаліся з мясцовымі жыхарамі, размаўлялі з імі, дарылі кнігу, — адзначыў Руслан Ананьеў. — Людзі вельмі дзякавалі за такі падарунак! Гэта бвло так прыемна! Яшчэ я пераканаўся ў тым, што вёсцы Беларусі — сапраўдны скарб. Калі зацікавіцца іх гісторыяй і традыцыямі, можна зведаць шмат цікавага і неспадзяванага.

Фота Руслана Ананьева і Марыі Швядоўскай

Кнігу “Скарбы Панямонцаў” можна спампаваць тут 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*