Фестываль “Разам-2017”: талака з народнымі стравамі, майстар-класы, спектаклі і музыка ад сярэднявечнай да Зміцера Вайцюшкевіча

Павольны сямейны фестываль, прасякнуты беларускімі народнымі традыцыямі, прайшоў напрыканцы ліпеня ў моладзевым цэнтры “Панямонцы” YMCA Беларусі. Тры дні на беразе Нёмана ўдзельнікі дзіўнага свята пражылі ў намётах, без гадзіннікаў і мабільных тэлефонаў.

— Не толькі для ўдзельнікаў, але і для арганізатараў гэты фэст стаў вялікім творчым эксперыментам, — распавядае Вольга Крусь, старшыня аргкамітэту, лідэр  YMCA Брэста. — У паўсядзённым жыцці гадзіннікі і мабільнікі кожны дзень трымаюць нас у стрэсе, прымушаюць спяшацца, адрываюць ад традыцый беларускай вёскі. Таму мы і вырашылі вярнуцца да вытокаў і правесці сямейны, павольны фестываль. Каб усе ўдзельнікі адчулі смак сапраўднага жыцця.

Наша жыццё — гэта значна больш, чым закляты трохкутнік кватэра-універсітэт-кватэра ці кватэра-праца-кватэра. Таму арганізатары напоўнілі тры дні фэсту музыкай, гульнямі, майстар-класамі і безліччу цікавых сустрэч, размоў. Госці свята паўдзельнічалі ў пленэры, паспыталі сябе ў сярэднявечных і беларускіх народных танцах, пазмагаліся за перамогу ў віктарынах і навучыліся гатаваць смачныя беларускія стравы. Адмысловы майстар-клас па народнай кулінарыі правяла каманда пад кіраўніцтвам Кацярыны Лютыч. Падарыў фэст таксама іншыя яркія ўражанні.

На свята завітала шмат таленавітых творчых людзей і каманд. Сярод іх — Юрый Жыгамонт, акцёр і тэлевядучы, знакаміты даследчык гісторыі беларускіх вёсак і аўтар цыклу перадач “Падарожжы дылетанта” і “Новыя падарожжы дылетанта”.

Гучных апладысментаў заслужылі непаўторныя Віктар Шалкевіч і Зміцер Вайцюшкевіч.

Новых прыхільнікаў прыдбалі гурты “Альтанка”, “Скудрынка”, “Cad Goddeu” ды іншыя. Акрамя таго незабыўныя ўражанні пакінулі вулічнае рэгі ад Эрыка і Канстанціна, файер-шоў, спектакль тэатра “Насупраць”.

— Падчас фэсту мы цесна ўзаемадзейнічалі з мясцовымі жыхарамі, — распавядае Вольга. — Спецыяльна да гэтага свята падрыхтавалі кнігу “Скарбы Панямонцаў”. У ёй распавялі пра спадчыну вёскі, мясцовыя традыцыі, здабыткі. Вельмі сімвалічна, што першую кнігу YMCA Беларусі прэзентавалі ў важны для нашай краіны год — 500-годдзя выдання Францыскам Скарынам першай кнігі.

Акрамя таго напярэдадні фэсту запісалі дыск з песнямі ў выкананні жыхароў Панямнцаў. Прэзентацыю дыска і кнігі правялі ўвечары падчас талакі, калі ўдзельнікі фэсту і мясцовыя жыхары сабраліся павячэраць разам за адным вялікім сталом.

Наступным ранкам зладзілі экскурсію па вёсцы. Яе ўдзельнікі змаглі пазнаёміцца з героямі публікацый кнігі.

Вельмі натхняльнымі былі  эпізоды, калі на двары фэсту пабудавалі са свечак трохкутнік — сімвал YMCA, а па Нёмане пусцілі свечкі, і тыя зазззялі, асвятлялі водную плынь, бы Млечны Шлях, што ветліва пазірае з ліпеньскага начнога небасхілу.

— Вялікі дзякуй ад удзельнікаў гурта “Скудрынка”, — адгукнуўся пасля фэсту прадстаўнік гэтай музычнай каманды. — Нам вельмі спадабалася ў Панямонцах – прыемныя знаёмствы, добрай якасці музычнае абсталяванне, кантактныя і прыемныя арганізатары. І цудоўная публіка з неверагоднай энергетыкай!

—   Калі прыехаў на фэст у Панямонцы — быццам трапіў у іншае вымярэнне, — прызнаецца Oscar Thees са Швейцарыі. — Прачынаешся з усходам сонца і кладзешся спаць, калі неба засыпана зорамі. Праграма фэсту была напощненая цікавымі мерапрыыемствамі.

Таму і падаецца, што ў сутках не 24 гадзіны, а 50! Такі досвед вельмі цікавы. Можна адчуць сваю еднасць з прыродай, сонцам, паразважаць аб сваім жыцці, “адвязацца” ад штодзённых клопатаў.

Запомнілася Оскару свята яшчэ і дзякуючы сустрэчам з цікавымі людьмі. Спадабалася гатаваць ежу па старажытных беларускіх рэцэптах. Закрануў душу і спектакль пра камяні, беларускую мову і выбар людзей.

Для швейцаркі Clara Agum важным складальнікам фэсту стала прыемная атмасфера, добры псіхалагічны клімат. Было вельмі ціквава вывучаць сярэднявечныя танцы. Запомнілася і экскурсія па вёсцы Панямонцы, размовы з яе жыхарамі. Клара не толькі слухала, але і сінхронна перакладала для тых, хто не ведае беларускай ці рускай мовы. Вельмі парадавалася, што з гэтым паспяхова справілася.

— Па выніках фестывалю мы атрымалі шмат пазітыўных водгукаў. Мяркую, што нас эксперымент быў удалым, — лічыць Вольга Крусь. — Канешне, няма межаў для самаўдасканалення. Але многае з таго, што было на фестывалі “Разам-2017”, можна скарыстаць і на наступных святах.

Руслан Ананьеў

Фота Марыі Швядоўскай і Віталя Млечкі

 

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*