Купалле з фаер-шоў зладзілі ў Швейцарыі

Беларускае народнае свята Купалле адсвяткавалі ў Швейцарыі непадалёк ад Цюрыха з удзелам прадстаўнікоў YMCA Беларусь. Больш за 70 гасцей з розных краін з захапленнем спявалі, танчылі і ўзіраліся на вогненнае шоў.

 

— Свята прайшло па ініцыятыве Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі пры падтрымцы творчай суполкі “Дзівасіл”, удзельнікі якой прыехалі з Беларусі і правялі цікавую праграму, — распавёў прэзідэнт Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі Сяргей Сіроткін. — Імпрэзу зладзілі пад Устэрам (Uster) на беразе маляўнічага возера Грайфэнзее (Greifensee), што знаходзіцца недалёк ад Цюрыха. Пейзаж там вельмі нагадвае беларускую прыроду, што дадало сустрэчы асаблівы каларыт.

Адсвяткаваць Купалле сабраліся людзі самага розных нацыянальнасцей, у тым ліку беларусы, швейцарцы, украінцы, немцы, рускія, італьянцы, французы, палякі. Многія завіталі цэлымі сем’ямі, захапілі з сабой дзяцей. Сярод гасцей былі і журналісты, дыпламаты, прадстаўнікі дыяспар.  Але ж такая “інтэрнацыянальнасць” ніяк не перашкаджала знаёмствам, размовам, стварэнню атмасферы еднасці і радасці.

— Праграма свята складалася з некалькі блокаў, — патлумачыла кіраўніца суполкі “Дзівасіл” і прадстаўніца YMCA Віцебск Станіслава Цярэнцьева. — Быў майстар-клас па пляценню купальскіх вянкоў пад спевы, акрамя таго — этнаграфічны блок (брама, вогнішча, карагоды, скокі праз агонь, спевы). Яшчэ вучылі ўсіх сярэднявечным і этнаграфічным танцам. Было і шмат гульняў для дарослых і дзяцей. Напрыканцы прадэманстравалі фаер-шоў. Мне падаецца, кожна блок прыйшоўся гасцям даспадобы. Напэўна, дзеткам больш спадабаліся гульні і фаер-шоў, а дарослым — этнаграфічная частка праграмы.

У склад арт-суполкі “Дзівасіл” ўвайшлі жыхары розных рэгіёнаў Беларусі і прадстаўнікі некалькіх грамадскіх і творчых аб’яднаняў. Усяго — 7 чалавек:  Станіслава Цярэнцьева (YMCA Віцебск), Алена Мятлюк (YMCA Маладзечна), Яўгенія Сядова (YMCA Мінск), а таксама Кірыл Бародзіч (Віцебск), музыкі Сяргей Кулагін (гурт “Хмельны Вір” з Магілёва), Дзяніс Шматко і Зарына Шэўко (гурт “Літы талер” з Мінску).

Такое творчае супрацоўніцтва Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі і YMCA Беларусі паспяхова развіваецца на працягу некалькі гадоў. Акрамя Купалля гасцей таксама запрашаюць на Гуканне вясны. І з кожным разам фармат імпрэзы імкнуцца ўдасканаліць. Напрыклад, сёлета для Купалля выбралі больш прасторную пляцоўку, чым летась, прапанавалі зручную і бяспечную інфраструктуру.

— Купалле ў Швейцарыі праводзіцца дзеля таго, каб падарыць беларусам замежжа (і ўсім іншым зацікаўленым асобам) часцінку роднай беларускай культуры, магчымасць цікава і з карысцю правесці час у кампаніі сяброў, прайсці па сцяжынках векавой гісторыі, патанчыць старадаўнія танцы, закружыць у карагодзе, узгадаць ці вывучыць старажытныя песні, пазабавіцца гульнямі і пакаштаваць беларускіх прысмакаў. Беларускае аб’яднанне ў Швейцарыі выражае шчырую падзяку арт-суполцы “Дзівасіл” за адмысловую падрыхтоўку і правядзенне цудоўнага свята!

Руслан Ананьеў

фота Алеся Сапегі

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*