Сусветны выклік баскетболу і YMCA

Выклік новым прыгодам і спартыўным перамогам зрабілі ўдзельнікі лакальных аддзяленняў YMCA Беларусі. Такія акцыі яны прысвяцілі 173-й гадавіне першай такой арганізацыі, створанай у Англіі, і 125-годдзю баскетбола.

У Віцебску адправіліся на творчы інтэграцыйны пікнік. На яго запрасілі сяброў з мясцовага дома-інтэрната. Разам яны правялі экалагічную акцыю – прыбралі тэрыторыю. Акрамя таго, праверылі свае веды ў віктарыне, прысвечанай развіццю YMCA ў Беларусі і замежжы, зазірнулі ў гісторыю баскетбола. У праграме таксама былі гульні, песні з гітарай, фаер-шоў.

— А мы правялі мерапрыемствы ў Дамачаўскай школе, — расказаў удзельнік YMCA Брэста і мясцовы настаўнік Валянцін Чухлаты. — Адзін з лідэраў нашай лакальнай арганізацыі Аляксандра Кружка правяла прэзентацыю грамадскага аб’яднання. Пасля гэтага згулялі ў баскетбол, узнагародзілі пераможцаў. Некаторыя вучні 11-га класа зацікаліся дзейнасцю  YMCA Брэста, вырашылі стаць члекамі арганізацыі.

— Чэмпіянат па баскетболу правялі ў Ваверскай школе Лідскага раёна, — распавёў адзін з лідэраў YMCA Беларусі, мясцовы настаўнік Аляксандр Шабельскі. — Гулялі па незвычайных, вулічных правілах: адзін на адзін. Але гулялі ў памяшканні. У выніку перамог старшакласнік Аляксандр Гаўрылкевіч.

Свята адзначылі і ў Валожыне. Акрамя таго прадстаўнікі YMCA Беларусі далучыліся да інтэрнэт-флэшмоба “Basketball challenge”, які пачалі актыўныя маладыя лідэры з Украіны. Выклік беларусам кінулі прадстаўнікі YMCA Мюнхена. І беларусы адказалі.

YMCA ў Беларусі дзейнічае каля 20 гадоў. Самая ж першая арганізацыя ў свеце адкрылася яшчэ ў 1844 годзе ў Лондане. Сёння дзейнасць YMCA скіравана на гарманічнае духоўнае, інтэлектуальнае і фізічнае развіццё. Гэтыя ідэі падтрымліваюць каля 45 мільёнаў чалавек ў больш як 130 краінах свету.

 

YMCA пакінула значны след у гісторыі. Напрыклад, першыя канцэрцы Элвіса Прэслі і гурта U2 прайшлі на пляцоўках гэтай арганізацыі. Прадстаўнікі YMCA былі ля вытокаў стварэння Чырвонага Крыжа, развіцця трох відаў спорту: валейбола, воднага пола і баскетбола.

Руслан Ананьеў

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*